У Японіі Пуцін груба парушыў этыкет, спазніўшыся на 3 гадзіны. Пазней была гаворка пра Курылы


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ дамовіліся ўзнавіць міністэрскія кантакты ў пытаннях абароны і дыпламатыі, замарожаныя пасля анексіі Крыму і расейскай агрэсіі на Данбасе. Пра такія першыя вынікі двухдзённага візіту Пуціна ў Японію абвесціў Сяргей Лаўроў. Але галоўнае пытанне – наколькі зрушыліся перамовы вакол Курыльскіх выспаў?

Перад двухдзённым візітам у Японію Пуцін правёў дыпламатычную падрыхтоўку – у сваім недыпламатычным стылі. Прыняў у Крамлі японскіх журналістаў, спачатку падрэсіраваўшы сабаку з прэфектуры Акіта, і толькі потым падаўшы гасцям руку.

«Правільна спалохаліся, бо ён строгі сабака», – сказаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Праз журналістаў Пуцін перадаў гатовасць пайсці на саступкі ў пытанні спрэчных Курыльскіх выспаў, якія Японія страціла пасля Другой сусветнай вайны. Ды намякнуў на кошт пытання.

«Японія ўвяла супраць нас санкцыі эканамічныя… Чаму? У выніку падзей на Украіне ці ў Сірыі? Дзе Японія і японска-расейскія адносіны, дзе Сірыя і падзеі ва Украіне?», – адзначыў Пуцін.

Таксама Пуцін намякнуў, што цяпер Японія можа паканкураваць са Злучанымі Штатамі ў нафтагазавым сектары Расеі.

«Для Расеі цяпер вельмі істотныя інвестыцыі. Вось дзеля чаго, хутчэй за ўсё, Пуцін туды і едзе», – падкрэсліў спецыяліст у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

І ў Японіі Пуцін груба парушыў этыкет, спазніўшыся на 3 гадзіны ў Нагато – родны горад прэмʼер-міністра Сіндзо Абэ. Японскія міністры схавалі раздражненне, а прэмʼер сказаў, што скарыстаецца гэтымі гадзінамі, каб наведаць магілу бацькі.

«Я хачу весці перамовы як прадстаўнік Японіі з думкамі ды пажаданнямі былых жыхароў Паўночных тэрыторыяў, выгравіраванымі ў маім сэрцы», – адзначыў прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ.

Бацька сённяшняга прэмʼера – Сінтаро Абэ – у 1980-ых быў міністрам замежных справаў Японіі. Таму словы Сіндзо Абэ пра Паўночныя тэрыторыі маюць і палітычнае, і асабістае значэнне.

«Ён вельмі далікатна і вельмі чулліва ставіцца да праблемы Паўночных тэрыторыяў, як Курыльскія выспы завуцца ў Японіі, і таму для яго было б вельмі моцным крокам, каб хоць неяк гэтая праблема ссунулася з таго месца, дзе яна знаходзіцца вось ужо 70 гадоў», – заўважыў спецыяліст у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Пэўныя зрухі ёсць, але падрабязнасці абвесцяць толькі заўтра. Вядома толькі, што Пуцін і Абэ адпрацавалі параметры дакументу аб пачатку кансультацыяў па сумеснай гаспадарчай дзейнасці на гэтых выспах. Пакуль Ітуруп, Кунашур, Шыкатун і Хабамаі застануцца пад расейскай юрысдыкцыяй.

«У нас была вельмі шчырая і глыбокая дыскусія пра бязвізавае наведванне астравоў іх былымі японскімі жыхарамі ды пра японска-расейскую супольную эканамічную дзейнасць на чатырох выспах у межах адмысловай сістэмы, а таксама пытанне заключэння мірнай дамовы», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ.

Дзеля гэтага сёння Пуціна кармілі мясцовымі далікатэсамі і купалі ў мясцовых гарачых крыніцах. Заўтра расейскі прэзідэнт са світай міністраў працягне перамовы ў Токіа.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».