Шмат хто думае, што Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў Беларусі. Насамрэч ягоная радзіма – расейскі Екацярынбург (у савецкія часы – Свярдлоўск).
У «Вікіпедыі» ёсць дзяжурная фраза: «У 1963 годзе быў запрошаны на працу ў Менскую філармонію». Усё было нашмат складаней і цікавей. Уладзімір Мулявін трапіў у Беларусь выпадкова, пасля бойкі ў вакзальнай прыбіральні ў расейскім горадзе Томску. Яму пашанцавала, бо ў той жа момант там апынуўся гімнаст-віртуоз Аляксандр Ван Лі.
Чаму завязалася бойка, як спартовец выратаваў будучую зорку беларускай эстрады і чаму Уладзімір Мулявін вырашыў ехаць у Менск, у студыі ток-шоу «Кожны з нас» распавядае сп-ня Зоя, жонка Аляксандра Ван Лі.
Поўнае выданне ток-шоу «Кожны з нас», прысвечанае Уладзіміру Мулявіну
Цягам праграмы людзі, якія ведалі легендарнага заснавальніка ансамблю «Песняры», раскажуць пра яго без купюр. Пра светлыя і цёмныя бакі творцы, пра малавядомыя і суперцікавыя эпізоды з яго біяграфіі.
У праграме закранаецца праблема таго, як зноўку вывесці беларускую музыку на недасягальны ўзровень, куды яе ўзнёс Уладзімір Мулявін. Другая праблема: чаму беларускія музыкі грэбуюць роднай мовай, калі маюць перад сабой прыклад музыкі з Расеі, які змог, дзякуючы беларушчыне, здабыць дзясяткі мільёнаў фанатаў.