Уладзімір Арлоў запрасіў чытачоў на «Танцы над горадам»


Гэтак называецца ягоная новая кніга прозы. Прэзентаваў яе аўтар сапраўды з вышыні, стоячы на драбінах.

Героі аповесці, што дала назву кнізе, – самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя, а ўначы збіраюцца і танчаць на дахах. Таму Уладзімір Арлоў і захацеў забрацца яшчэ вышэй: «Нават была ідэя, каб я па драбінах залез на дах і адтуль прамаўляў, але нам папулярна патлумачылі, што калі мы так будзем праводзіць прэзентацыю, то яна скончыцца шмат для каго не ў самым камфартабельным месцы».

Метафізічныя вандроўкі яднаюць усе тры аповесці, што ўвайшлі ў кнігу. Прычым сюжэты твораў пераплятаюцца. Беларуская літаратура не абдзеленая містычнымі істотамі, кажа аўтар. Кніга, населеная дамавікамі ды іншай нечысцю, сугучная гісторыям Яна Баршчэўскага або другой частцы раману «Хвілінка» Ігара Бабкова, лічыць Арлоў: «Як казаў нямецкі філосаф-экзістэнцыяліст Гайдэгер, метафізіка – гэта галоўная падзея нашага жыцця. І я спадзяюся, у маіх чытачоў былі такія сустрэчы, зʼявы, сітуацыі, якія не паддаюцца нейкаму выразнаму тлумачэнню».

Паэт і аўтар папулярных гістарычных кніг, Уладзімір Арлоў не выдаваў мастацкай прозы апошнія дзесяць гадоў, падкрэсліў літаратар Віктар Марціновіч: «Шмат хто з гэтай генерацыі змоўк, даючы права выказвацца і пісаць маладзейшым. І гэтая цішыня, дзякуй богу, парушаная, гэтая генерацыя таксама кажа».

Уладзімір Арлоў абяцае чытачам новай кнігі і лёгкі вусціш, і сонечную эротыку, і нечаканыя сюжэтныя павароты, і трагізм, без якога немагчымае жыццё.

Іншыя тэмы:

Беларусь на растаі шляхоў уцекачоў.

Крывыя агуркі і жывыя героі: мастачка, закаханая ў каларыт вёскі.

У позе лотаці з прэм’ерам.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык belsat.eu