Улады паспрабавалі «прысабечыць» памяць аб Курапатах


Як вядома, усяго за 20 кіламетраў на паўночны захад ад Менску знаходзіцца Лінія Сталіна. Гэта ваенна-гістарычны музей пад адкрытым небам на месцы колішніх (дарэчы, адноўленых) фартыфікацыйных збудаванняў. Танкі, гарбаты, самалёты і нават праваслаўная каплічка – побач з помнікам Сталіна. Гэткі грандыёзны і, бадай, найвялікшы ў свеце помнік сталінізму. А вось на паўночным усходзе Менску – гэта не так і далёка ад Лініі Сталіна – знаходзяцца Курапаты. Месца, дзе сталіністы прынамсі дзясяткамі тысячаў забівалі бязвінных людзей, без перабольшання знішчаючы беларускую нацыю. Ну вось такая сучасная Беларусь, сапраўды краіна кантрастаў.

Пра новы дзяржаўны помнік у Курапатах размаўляем з доктарам гістарычных навук Аляксандрам Краўцэвічам:

«Улада, каторая існуе ў Беларусі, гэта фактычна антыбеларуская ўлада. Яе задача не дапусціць укаранення ў грамадстве нацыянальнай ідэалогіі, каторую яна спрабуе замяніць псеўдаідэалогіяй, якая абапіраецца на падзеі германа-савецкай вайны 1941-1945 гадоў. Адсюль услаўленне Сталіна – увасабленне моцнай рукі для беларускага дыктатара. Адсюль – старацца знішчыць, не дапусціць ушанавання памяці ў Курапатах. […] Тое, што знак паставілі, гэта мае 2 аспекты. Па-першае, грамадства перамагло. Такі націск, 30 гадоў, людзі ставілі крыжы, людзі прыходзілі, людзі шанавалі. І ўлада паддалася. Яна зразумела, што замоўчваць гэта далей не будзе. Але з другога боку, гэта ўлада не такая дубовая: яна паспрабавала гэтую памяць«прысабечыць» і трохі змяніць яе сэнс. Наколькі я ведаю, знак павінен ушаноўваць ахвяры вайны, а там канкрэтна ахвяры сталінскага тэрору…»