Улады маглі дазволіць незаконную будоўлю рэстарацыі ў заказніку


Чарговая скандальная і незаконная будоўля. Блогер Антон Матолька апублікаваў сведчанні таго, як на беразе вадаёму ў заказніку «Лябяжы» кампанія «Тапас» будуе рэстарацыю. Яшчэ ў 2014-м Лукашэнка дазволіў «Тапасу» збудаваць шматфункцыйны комплекс побач з заказнікам, аднак будаўнікі ўлезлі са сваймі працамі ў санітарна-абарончую зону вадаёму і парушылі межы заказніка.

Ігар Корзун, каардынатар кампаніі «Гарадскі ляснічы»:

«Да сёння планаў кіравання заказнікам не існуе, а значыць няма дакладных межаў заказніку і гаварыць пра тое, што існуюць нейкія канкрэтныя парушэнні вельмі складана. Таму што ў людзей, якія парушаюць, заўсёды знойдуцца нейкія апраўданні. Тым больш, калі яны задзейнічаныя ў нейкія інвестыцыйныя праекты…»

Праект забудовы тэрыторыі ля заказніка «Лябяжы», кампанія «Тапас» змяніла да непазнавальнасці, паводле новага плану забудова ўваходзіць на тэрыторыю заказніка. Пра тое ці магчыма каб такая будова вялася без ведама ўладаў – каардынатара ініцыятывы «Экаград» Віктар Янчурэвіч:

«Гэта не той аб’ект, дзе можна было б пайсці ў самаволку і без дазволу ўладаў пачаць на тэрыторыі заказніка, на водаахоўнай зоне ўнікальнага прыроднага абʼекту, узводзіць абʼект, не ўзгадніўшы гэта з мясцовымі ўладамі. Я цалкам дапускаю, што ўсе ў курсе…»