Улады Калумбіі заключылі замірэнне з паўстанцамі пасля 52 гадоў вайны


Крок гістарычны. 52 гады вайны калумбійскіх уладаў з леварадыкальнымі баевікамі ФАРК скончыліся. Сёння а 8 раніцы паводле менскага часу пачало дзеяць мірнае пагадненне.

ХУАН МАНУЭЛЬ САНТАС, ПРЭЗІДЭНТ КАЛУМБІІ:

«Мы можам сказаць, што нацыянальная надзея стала рэчаіснасцю. Мы дасягнулі канчатковага, абсалютнага, цвёрдага паразумення, каб скончыць вайсковы канфлікт з ФАРК».

Перамовы аб міры вяліся ажно 4 гады ў сталіцы Кубы Гаване. Вынік – лідар ФАРК Радрыга Лёндоннё, вядомы яшчэ як Тымалеон Хімэнэс, або Цімашэнка, загадаў спыніць пекла.

РАДРЫГА ЛЁНДОННЁ, ЛІДАР ФАРК:

«Сёння, як ніколі, мы шкадуем такой колькасці смерцяў і цярпення з прычыны вайны. Сёння, як ніколі, мы хочам абняцца як грамадзяне адной краіны і працаваць разам дзеля новае Калумбіі. Вайна скончылася. Мы жывем разам, як браты і сёстры».

Хоць гэта будзе складаны шлях. Збройны канфлікт пачынаецца з 1964 года на фоне сацыяльных няроўнасцяў і за ўсе гады забраў жыцці каля двухсот шасцідзесяці тысячаў чалавек, каля 45 тысяч лічацца зніклымі, амаль 7 мільёнаў чалавек страцілі дамы. Але ўсе разумеюць, што, калі не спыніцца, крыві будзе толькі больш.

ЖЫХАРЫ БАГОТЫ:

«Гэта цудоўны крок, што гэтыя людзі з ФАРК хочуць міру. Мы мусім забыць усё і пачаць з нуля. Мы мусім быць удзячныя богу і Маці Боскай, а таксама не быць скептычныя».

«Гэта добра, бо прынясе плюсы ўсім. Хочацца пабачыць, як мы можам жыць у міры, накіраваць сітуацыю для кожнага ў краіне».

Канчатковы варыянт мірнае дамовы мае быць падпісаны ў кастрычніку. Перад гэтым правядуць усенароднае галасаванне. Але міжнародная супольнасць глядзіць на гэта, хутчэй, як на фармальнасць і вітае вялікі крок.

СІЦІ ХАДЖАР АДНІН, ПРАДСТАЎНІЦА МАЛАЙЗІІ Ў ААН:

«Рада бяспекі цёпла вітае заканчэнне перамоваў у Гаване на гэтым тыдні паміж урадам Калумбіі ды Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі (ФАРК) ды віншуе народ Калумбіі з дасягненнем канчатковага мірнага пагаднення, у выніку чаго заканчваецца больш як 50-гадовы канфлікт».

Пад кантролем Рады бяспекі ААН мае адбывацца раззбраенне груповак ФАРК цягам 180 дзён. Як дэкларуе лідар баевікоў – раззбраенне да апошняга пісталета.

Сяргей Падсасонны belsat.eu