Украінцы абурыліся Лукашэнкам. NEXTA на «Белсаце»


Акрамя традыцыі навагодняга звароту прэзідэнта, у Беларусі, відаць, пачынаюць з’яўляцца дзве новыя. Але пра ўсё па чарзе.

26-ты раз Дзед Падатак, як ласкава называюць Лукашэнку ў народзе, павіншаваў беларусаў з Новым годам:

«Як імкліва бяжыць час: зусім нядаўна мы радаваліся, што сталі сведкамі міленіуму, і не заўважылі, што прайшло ўжо цэлых 20 гадоў».

А як жа тут заўважыць нейкія змены, калі кожны год адзін і той жа каменны твар прамаўляе адныя і тыя ж збітыя словы.

А пакуль у Балівіі пасля фальсіфікацыі выбараў скідаюць прэзідэнта, а ў Францыі паспяхова дамагаюцца адменаў падняцця коштаў на паліва і павышэння пенсійнага ўзросту, у Беларусі – і фальсіфікацыі выбараў, і павелічэнне коштаў на паліва, і павышэнне пенсійнага ўзросту.

А Лукашэнка за магчымасць усё гэта рабіць дзякуе чамусьці «людям в погонах», а не беларусам, якія гэта трываюць. Іншая рэч – Зяленскі. Законна абраны прэзідэнт Украіны прыемна здзівіў інтэрнаўтаў, што звыкліся да фармальных і прадказальных прамоваў. А ўкраінцы, у сваю чаргу, здзіўляліся Лукашэнку. Чаму кіраўнік Беларусі віншуе… па-расейску? Добрае пытанне да самых беларусаў:

«Канечне, хацелася б чуць больш беларускай мовы».

«Шчыра кажучы, нават не звярнула ўвагі, на якой ён мове звяртаўся да народу».

«Можна павіншаваць на расейскай, тады ўсе зразумеюць, у любой краіне».

«Насамрэч я глядзеў Зяленскага, нашага не глядзеў – там усё вада».

«Ён і з Расеяй сябруе, і з Украінай сябруе. Таму я не здзіўлюся, калі ён па-ўкраінску павіншуе. Такі ён у нас чалавек, добры. Мне падабаецца».

Дарэчы, старая мантра пра «вы што, хочаце, як ва Украіне?» цяпер спрацоўвае ўсё цяжэй. Мінімальны заробак краіны-суседкі – ужо на 20 долараў вышэйшы, чымся ў Беларусі.

Сцяпан Святлоў belsat.eu