Удзельнікаў сірыйскага канфлікту заклікаюць адмовіцца ад хімічнай зброі


Жахлівыя звесткі з дакладу Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў адносна Сірыі.

Паводле звестак экспертаў ААН і Арганізацыі забароны хімічнай зброі, у сірыйскай вайне ўсё часцей выкарыстоўваюць недазволеную зброю. Цягам апошніх месяцаў ахвярамі хімічных атак сталіся тысячы мірных людзей.

«Кіраўніцтва камісіі пэўнае, што мае дастатковую інфармацыю, якая пацвярджае ўжыванне хімічнае зброі ў некалькіх выпадках. Такое адбылося ў красавіку 2014-га года ў Тальманэсе, а таксама ў сакавіку 2015-га ў Сарміне. Камісія прыйшла да высновы, што ў гэтых выпадках адказнасць за хімічныя атакі ляжыць на баку сірыйскіх урадавых войскаў», – кажа сябра адмысловай камісіі пры ААН Вірхінья Гамба.

Паводле дакладу, хімічную зброю ў Сірыі выкарыстоўваюць не толькі ўрадавыя войскі. Такія выпадкі вядомыя і з боку гэтак званай «Ісламскай дзяржавы». Агулам за апошнія месяцы колькасць хімічных атак вырасла ў разы. Даклад ААН прыводзіць каля ста трыццаці прыкладаў выкарыстоўвання нервова-паралітычных газаў толькі сёлета. У Радзе бяспекі ААН пачалася дыскусія над магчымасцю ўвесці санкцыі супраць афіцыйнага Дамаску. Супраць радыкальных крокаў выступае Расея. Паводле расейскага прадстаўніка пры ААН, звесткі дакладу маглі быць сфабрыкаваныя тэрарыстычнымі групоўкамі. За абмежавальныя захады выказваюцца Францыя і Вялікая Брытанія.

«Мы выказваем вялікую занепакоенасць з павелічэння колькасці тыпаў хімікатаў, а таксама ўцягвання ў іх ужыванне бакоў канфлікту. Мы не можам дапусціць, каб хімічная зброя сталася нормаю падчас канфлікту. Адказных за гэта мусяць пакараць», – непакоіцца Вірхінья Гамба.

А гэта можа быць складана. Вядома, што ў сірыйскай вайне прымаюць удзел не толькі ўрадавыя войскі і сірыйскія паўстанцы. На тэрыторыі Сірыі фіксуюць усё больш актыўную дзейнасць тэрарыстычных груповак, сярод іншых – гэтак званай «Ісламскай дзяржавы». Адзін з яе лідараў загінуў напярэдадні непадалёк Алепа ў выніку авіяўдару. Абу Мухамэд аль-Аднані лічыўся галоўным прапагандыстам і другою асобаю ў структурах групоўкі.

Вайсковую дзейнасць на тэрыторыі Сірыі актывізуе і турэцкае войска. Пасля таго, як стала вядома пра падбіццё турэцкая танка, у выніку якога былі параненыя тры вайскоўцы, кіраўнік краіны Таіп Эрдаган прадказвае яшчэ больш зацятую барацьбу.

«Гэтае полымя будзе гарэць заўсёды. Мы ўвесь час вялі барацьбу з усімі магчымымі тэрарыстычнымі групоўкамі ў межах закону. Мы будзем рабіць гэта далей», – заяўляе Рэджэп Таіп Эрдаган.

24-га жніўня сірыйскае войска пачало аперацыю ў сірыйскім горадзе Джарабулюс, які ляжыць на мяжы з Турцыяй. Паводле турэцкіх уладаў, вайсковыя дзеянні скіраваныя на барацьбу з гэтак званаю «Ісламскаю дзяржаваю, а таксама з атрадамі курдаў.

Ян Бабіцкі