Свет У ЗША пасля перамогі Трампа заклікаюць да еднасці


https://www.youtube.com/watch?v=1Y_krwelRLM&feature=youtu.be

Без касметыкі і са слядамі стомы на твары Клінтан прыйшла на ўрачыстасць Фонду абароны дзяцей. Тыдзень таму ўпэўненая ў перамозе, сёння яна цяжка перажывае паразу.

«Прызнаюся, што прыйсці сёння сюды мне было не лёгка. За мінулы тыдзень было некалькі разоў, калі ўсё, чаго я хацела, – гэта скруціцца клубком з кніжкай і сабакамі ды больш ніколі не выходзіць з дому», – заявіла экс-кандыдатка на прэзідэнцтва ЗША.

Тым не менш Гілары Клінтан заклікала амерыканцаў не здавацца і абараняць каштоўнасці, на якіх грунтуецца Амерыка.

«Ведаю, што гэта не лёгка. Ведаю, што за мінулы тыдзень шмат хто задаваў сабе пытанне: ці Амерыка такая, як мы яе ўяўляем? Раскол, які стаў бачны на гэтых выбарах, насамрэч глыбокі, але вось што я скажу. Амерыка вартая гэтага, нашыя дзеці вартыя гэтага – не губляйце веры ў нашую краіну, змагайцеся за нашыя каштоўнасці і ніколі не здавайцеся«, – адзначыла Гілары Клінтан.

Чытайце таксама >>> Чаму я смяюся з Лукашэнкі, а з Трампа – ужо не

Жорсткая рыторыка і ўжыванне мовы нянавісці падчас выбарчай кампаніі адбілася на ўсіх Злучаных Штатах. Амерыканская недзяржаўная арганізацыя «Паўднёвы цэнтр прававой абароны бядноты» за першы тыдзень пасля выбараў зафіксавала рост ксенафобскіх нападаў. Інцыдэнты не звязаныя міжсобку, але маюць адсылкі да выбарчай кампаніі Доналда Трампа. Раней пра рост злачынстваў на глебе нянавісці паведамляла справаздача FBI.

«Большая частка гэтых злачынстваў скіраваная на імігрантаў і мусульманаў. Шмат правапарушэнняў на глебе нянавісці да афраамерыканцаў. Але калі паглядзець агулам на ўсю карціну, гэтыя злачынствы ці звычайныя інцыдэнты скіраваныя супраць практычна кожнай, любой меншасці. Па сутнасці, супраць кожнага, хто не беласкуры ды не хрысціянін», – заўважае Марк Поўтак з «Паўднёвага цэнтру прававой абароны бядноты».

Гэтак, падчас выбарчай кампаніі Доналд Трамп абяцаў дэпартаваць усіх нелегальных эмігрантаў і пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай. Пасля перамогі Трамп змякчыў рыторыку, сцяна ператварылася ў плот, а дэпартацыя ўсіх нелегалаў – у дэпартацыю нелегалаў-крымінальнікаў. Тым не менш, мэр Нью-Ёрку на сустрэчы з абраным прэзідэнтам паабяцаў Трампу, што будзе абараняць нелегальных мігрантаў ад дэпартацыі. Таксама Біл дэ Блэзьёў выказаў трывогі адносна антымусульманскіх выказванняў Трампа.

«Чаму я лічу важным нагадаць абранаму прэзідэнту і ягонай камандзе, што існуюць глыбокія страхі і занепакоенасці, – бо няправільныя мэсіджы могуць стымуляваць акты нянавісці. Таму я ясна даў зразумець, што лічу вырашальным значэнне мэсіджа пра еднасць», – заявіў мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блэзьёў.

Незалежна ад палітычных поглядаў, мэру-дэмакрату давялося зарганізаваць і абарону вежы Трампа ад антытрампаўскіх пратэстаў. Высокія захады бяспекі вакол сённяшняй рэзідэнцыі наступнага прэзідэнта паўплывалі на бізнес і рух у цэнтры Нью-Ёрку. І гэта працягнецца як мінімум да студзеня.

Акцыі пратэсту супраць Трампа і ягонай каманды сціхаюць, але працягваюцца. Апошняя дэманстрацыя прайшла ў Лос-Анджэлесе. Яшчэ адной праявай спозненага негвалтоўнага супраціву вынікам выбараў стаў законапраект аб пераходзе да наўпроставых выбараў, які сенатарка-дэмакратка вынесла на разгляд Сенату ЗША. Хілары Клінтан набрала на выбарах на мільён больш галасоў грамадзянаў, але прайграла Трампу ў колькасці галасоў калегіі выбарнікаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары