Суб'ектыў У ЗША назвалі Лукашэнку вар’ятам. NEXTA на «Белсаце»


25 мільёнаў долараў! Прыкладна столькі каштавала Менску правесці вельмі важны лёгкаатлетычны матч паміж зборнымі ЗША і Еўропы, на які прымусова зганялі бюджэтнікаў. Адныя толькі прызы для спартоўцаў каштавалі бюджэту каля мільёна долараў.

Барыс Тасман, спартовы аглядальнік:

«Калі б вы паглядзелі на арганізацыю (а яна была блізкаю да бездакорнай), было бачна, што ў гэта ўкладзеныя немалыя грошы – каманды жылі ў гатэлях «Вікторыя-Алімп», «Вікторыя-Спа». Гэта таксама вялікія выдаткі. А даходы?»

А даходаў няма. Нягледзячы на гэта, Лукашэнка спыняцца не збіраецца. Ды пагражае праз два гады правесці яшчэ адзін такі матч:

«Я абяцаю вам, што праз два гады Менск стане сталіцаю Злучаных Штатаў Амерыкі».

Ужо створаны канцэпт-арт новай сталіцы звышдзяржавы, аднак самыя амерыканцы пакуль ставяцца да ідэі Лукашэнкі даволі скептычна.

Жыхар Мінэсоты, ЗША: «Ці ён збег з вар’ятні? Як у вас у краіне выглядае сітуацыя з цяжкімі наркотыкамі?»
Лукашэнка: «Удакладняю. Менск стане сталіцай ЗША, таму што ЗША павінныя праводзіць гэты матч. З Доналдам Трампам мы дамовімся, ён пераможа на выбарах, і, я думаю, зʼявіцца тут, на гэтым стадыёне».

Дык усё ж такі не Расея ўмешваецца ў выбары ў ЗША, а старая спраўджаная беларуская тэхналогія… Аднак праз такія «дапушчэнні» Ярмошынай пакутуюць ні ў чым не вінныя людзі! Гэтак, прэзідэнт ЗША Доналд Трамп звольніў свайго дарадцу ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джона Болтана, які нядаўна наведаў Беларусь.

Доналд Трамп, празідэнт ЗША:

«Ведаеце, Джон не адпавядаў таму, што мы рабілі, і, гэта факт, у некаторых выпадках ён думаў, што тое, што мы робім, – гэта занадта складана».

Аднак усе мы ведаем, што Трампу проста не прыйшлася даспадобы гарэлка, якую Лукашэнка два тыдні таму перадаў праз Болтана. А ўвогуле Рыгоравіч ужо даўно зрабіўся нешчаслівым талісманам для шэрагу палітыкаў. Болтана – звольнілі, Януковіча – зрынулі, Кадафі – забілі, Чавэс ды Мугабэ – памерлі. І ўсё гэта – неўзабаве пасля сустрэчаў з Ненахіляным. Ну, хіба што толькі Пуціна пакуль нішто не бярэ.

***

Лукашэнка прагаварыўся: прэзідэнцкія «выбары» пройдуць паводле загадзя вызначанага сцэнару:

«Сённяшняя перадвыбарная вакханалія перад парламенцкімі выбарамі кажа пра тое, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў. Мы не можам дазволіць расхістаць краіну. Каму гэта хочацца зрабіць, вы ведаеце».

Ізноў замежныя ворагі хочуць разбурыць святую беларускую стабільнасць. Стабільнасць, пры якой у дэпутаты лезе, да прыкладу, 22-гадовая спадарожніца Лукашэнкі. Проста таму, што ў яе ж вопыту больш, чымся ў іншых – яна і танчыць з Лукашэнкам, і суправаджае яго на розных імпрэзах… Ну як можна не прымусіць настаўнікаў збіраць подпісы за такое золатца?

Але ж бацькі адной з менскіх школаў абураныя:

«Класны кіраўнік нашых дзяцей прымушае ставіць подпісы за вылучэнне ў дэпутаты нейкай Марыі Васілевіч. Сам факт прымусу падтрымання палюбоўніцы нашага абрыдлага «прыхільніка хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў» у дзіцячай навучальнай установе выклікае агіду, але мы думаем, што педагогаў прымусілі».

Дарэчы, Лукашэшка ўжо гатовы сысці: «Мы калісьці сыдзем, не такі далёкі гэты час». Але ж вось праблема: няма на каго краіну пакінуць, раз за разам паўтарае Лукашэнка:

«Я, як прэзідэнт, не магу спакойна сысці і жыць, не прывёўшы ва ўладу новага пакалення людзей».

Што праўда, шматлікія грамадзяне гэтае сцверджанне рашуча зняпраўджваюць.

Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Mikhail Klimentyev / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / KEVIN LAMARQUE / LEAH MILLIS / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары