У вёсках каля Менску жыццё робіцца невыносным


Нашая праграма не аднойчы распавядала пра тое, як жыхары некалькіх населеных пунктаў Менскага раёну цярпяць ад смуроду глеістых сажалак, куды збіраюцца каналізацыйныя сцёкі сталіцы.

Жыхары навакольных вёсак неаднаразова збіралі подпісы і звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі з просьбаю прывесці да ладу сямнаццаць сажалак, поўных нечыстотаў. Нашая здымачная група зноўку накіравалася ў Міханавічы, каб сустрэцца з мясцовымі.

Мaю прaвa
«Астатнія або здохнуць, або з’едуць адсюль». Каля Менску людзі змагаюцца з чыноўнікамі за чалавечыя ўмовы жыцця
2019.02.20 19:05

Побач са старымі сажалкамі пабудавалі яшчэ адну. Разам з жыхаркай Міханавічаў Галінай Шаціла мы пад’ехалі да адстойнікаў.

«Вось гэтая агромністая чаша з фекаліямі – гэта сажалка № 18 Менскводаканалу, – кажа Галіна. – Вось яна пакуль яшчэ амаль пустая, яна эксплуатуецца тры-чатыры месяцы. За чатыры гады яна цалкам запоўніцца. І вы ўяўляеце, як такі аб’ём будзе смярдзець?»

Новая глеістая сажалка, куды збіраюцца каналізацыйныя сцёкі сталіцы

У адказах Менскводаканалу, якія атрымалі мясцовыя, напісана: зробленыя ўсе патрэбныя захады для абароны жыхароў.

«Вось гэтымі дрэўцамі, з якіх шмат ужо загінула, Менскводаканал нібы абараніў нас ад уздзеяння гэтай сажалкі з фекаліямі», – Галіна дэманструе нам паласу зялёных насаджэнняў.

Менсквадаканал лічыць, што гэтыя дрэўцы абароняць мясцовых жыхароў ад смуроду

Дагрукацца да адказных чыноўнікаў жыхарам не ўдаецца.

«Нядаўна ў нас была сустрэча ў Лугавой Слабадзе, – кажа Галіна Шаціла. – Там з намі размаўлялі прадстаўнікі Міністэрства здароўя і падначаленых арганізацыяў, Міністэрства прыроды і падначаленыя».

Жыхары загадзя накіравалі чыноўнікам вялікі спіс пытанняў. Сярод іх – пра бяспечнасць умоваў іхнага пражывання. Але ўсе пытанні нібы павісалі ў паветры… Жыхары больш за тры гадзіны спрабавалі дабіцца хоць нейкай канкрэтыкі…

«У нас у 2012 годзе не атрымалася, сёлета не атрымаецца з невядомых прычынаў. Распавядзіце нам што-небудзь, калі атрымаецца», – пыталіся жыхары ў чыноўнікаў на сустрэчы.

«На сённяшні дзень мы блізкія да таго, што мы пачынаем працу над гэтым», – пачулі жыхары ў адказ.

Адзінае, што паабяцалі чыноўнікі, – увосень пачаць хімічную нейтралізацыю сажалак. З пункту гледжання экалагічнай бяспекі тэхналогія спрэчная, але чыноўнікі абяцаюць хаця б зменшыць смурод.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Воршы маладзён спрабаваў правесці адзіночны пікет
  • Беларусы – пра эфектыўнасць пікетаў
  • На Гарадзеншчыне жыхарам паселішча не трапіць ні на працу, ні на вучобу
  • Вяскоўцы наракаюць на якасць вады

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.