Сальдa У Viber размаўляе ўжо амаль палова Беларусі


Кампанія «Uber» адзначае першую гадавіну працы ў Менску ды абнаўляе сваё прыкладанне для больш зручнага карыстання сэрвісам. А народжаны ў Беларусі мэсенджэр «Viber» рыхтуе новыя прапановы для карпарацыйных карыстальнікаў.

Амерыканская кампанія «Uber» падвяла вынікі працы ў Беларусі. Нашая краіна зʼяўляецца, па сутнасці, рэкардсменам па развіцці гэтага бізнесу ў рэгіёне. Місія «Uber» – істотна дапоўніць сістэму грамадскага транспарту і змяніць спосаб валодання ўласным аўтамабілем.

«Наша прыкладанне надзвычай запатрабаванае. Па выніках году ў нас было 200 тыс. запампаванняў. Больш за 3 млн разоў карыстальнікі з Менску адчынілі прыкладанне. І сапраўды, мы фіксуем надзвычай вялікі інтарэс да нашай платформы. Таму вельмі аптымістычна глядзім у будучыню», – гаворыць генеральны менеджар «Uber» у рэгіёне Аляксей Стах.

Немалаважным элементам поспеху ў кампаніі лічаць абнаўленне прыкладання. Яно ўжо даступнае для карыстальнікаў. Цяпер аплікацыя сама можа падказваць папулярныя маршруты карыстальнікаў, а таксама інтэгруецца з сацыяльнымі сеткамі. Працуюць у кампаніі таксама і над іншымі зменамі, якія дазволяць эканоміць час.

«Галоўным чынам канцэнтруемся на Менску. Жадаем зрабіць час прадстаўлення аўтамабіля, перамясціць яго з 5 хвілінаў да 3. Вось тады мы будзем ужо адчуваць, што прадставілі вельмі звышнадзейны прадукт для горада. Таму цяпер галоўная канцэнтрацыя на тое, каб давесці гэта да дасканаласці», – тлумачыць Аляксей Стах.

Праўда, кампанія працуе толькі ў Менску і не плануе ў бліжэйшым часе ахопліваць абласныя гарады. Пры гэтым беларусы ўсё больш актыўна карыстаюцца прыкладаннямі ды сучаснымі IT-распрацоўкамі. Гэтак мэсенджэр «Viber» за апошні год паставіў сапраўдны рэкорд. Колькасць карыстальнікаў у Беларусі вырасла да чатырох з паловаю мільёнаў. Гэта амаль палова насельніцтва нашай краіны.

«Адчыняем новую платформу: «Паблік-акаўнты». Яны будуць прыстасоўвацца пад кожны бізнес. Будзе свая старонка і яны будуць вельмі простыя ў выкарыстанні, ва ўспрыняцці. Будзе складацца ўражанне, што вы перапісваецеся са сваім сябрам. Можна будзе непасрэдна камунікаваць з дапамогаю тэкставых паведамленняў. А таксама будуць створаныя адмысловыя чат-боты», – распавядае мэнеджэр па камунікацыях «Viber» Марына Зорыч.

Сёння IT-сфера зʼяўляецца адной з нешматлікіх галінаў эканомікі, якія, нягледзячы на крызіс, імкліва развіваюцца. Прадукцыя айчынных распрацоўнікаў паспяхова канкуруе на сусветных рынках і зʼяўляецца запатрабаванай у карыстальнікаў усяго свету.

Таксама ў выданні: Крызіс моцна падкасіў продажы легкавікоў.

Глядзі таксама
Каментары