У Варапаеве сцежкі да помніка Леніна зараслі


Мястэчка Варапаева пачыналася са шляхецкага фальварку. Але на пераломе ХІХ і ХХ ст. хутка пачало расці і амаль зрабілася раённым цэнтрам. Пра гэта сведчыць закінуты будынак райвыканкаму, перад якім у хмызняку стаіць забыты помнік Леніну.

Найбольшую ролю ў гісторыі Варапаева, якая сягае XVІ ст., адыгралі графы Пшаздзецкія і чыгунка. У міжваеннай Польшчы тут паўстала буйная гаспадарка, пра якую нагадваюць будынак адміністрацыі (сёння – больніца), вадзяны млын з вялікімі жорнамі і прыгожы парк. Гэты парк краязнаўца Аліна Ла́тыш называе «перлінаю Варапаева».

А ў графскім плодагадавальніку ў 1933–1937 гг. пачынаў сваю кар’еру выбітны беларускі аграном-селекцыянер Іван Сікора.

Графы Пшаздзецкія пачуваліся гаспадарамі ў Варапаеве і не хацелі, каб чыйсьці дом быў вышэйшы за іхны. Але купец Ражноўскі абышоў забарону.

Як фальварак, двор Рапаева, ператварыўся ў даволі вялікі населены пункт, дзе жыве некалькі тысяч чалавек? Як звязаныя шляхецкі род Пшаздзецкіх і сучасны Еўразвяз? Як купец Ражноўскі абышоў графскую забарону будаваць высокія дамы? Што такое мясцовы гатунак яблыкаў памяці Сікоры? Што такое «нефармальны раённы цэнтр» у адносінах да Варапаева? Пра ўсё гэта – у новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Аўтар і вядучы праграмы – доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.