У пітной вадзе – бактэрыі. Побач – могілкі


Ваду піць нельга, а водаправод не будуюць.

Канцэнтрацыя каліформных бактэрыяў у калодзежнай вадзе вёскі Варкавічы Слуцкага раёну – надзвычай высокая. У пітной вадзе іх быць не павінна, бо яны выклікаюць нястраўнасць.

Мясцовыя жыхары звязваюць стан вады з могілкамі, што месцяцца акурат пад вокнамі іхных дамоў. І з 1989 года просяць закрыць пагост. У 2015 годзе санітарны ўрач забараніў тут пахаванні. Але забарона засталася на паперы, з таго часу тут пахавалі больш за 30 асобаў. Паміж могілкамі ды дамамі паставілі плот, але ад апошняе магілы да калодзежа з вадою адлегласць не большая за 10-15 метраў.

Кіраўніцтва сельсавету згоднае, што вада кепская, але лічыць, што могілкі тут ні пры чым. А забарону санітарнага доктара хаваць тлумачаць проста: чалавек прыйшоў новы, не разабраўся ў сітуацыі.

Мясцовыя жыхары дагэтуль просяць знайсці іншае месца пад могілкі або пабудаваць водаправод. Месца шукалі, але землі вакол вёскі ворныя з высокім балам урадлівасці. Варыянт з водаправодам увогуле не абмяркоўваюць – няма грошай. Дый хапае ў краіне прыкладаў, калі водаправодную ваду таксама нельга піць.

А вось у вёску Покрашава пад Слуцкам па ваду з’язджаюцца з усяе акругі. Гадоў з восем таму тут з’явілася святая крынічка. Крыніцу асвяцілі святары абедзвюх канфесіяў і ўжо ходзяць чуткі, што хтосьці з яе дапамогаю вылечыў ныркі, а нехта нават рак. Таму на святы да яе стаяць чэргі людзей.

На думку эколагаў, якасць вады з падземных крыніцаў няўстойлівая, дазнацца пра яе можна толькі праз экспертызу непасрэдна перад ужываннем.

Крыніцы і калодзежы ў Беларусі звычайна не глыбейшыя за дзесяць метраў. На гэтую глыбіню трапляе шмат забруджвальнікаў з паверхні глебы. Трэба ўлічваць, што водазабор калодзежа – 50 метраў, таму хлеў, прыбіральня, могілкі, што месцяцца бліжэй да калодзежа, з вялікаю верагоднасцю могуць яго забруджваць.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: