У пенсіянераў забіраюць жыллё і робяць яго камерцыйным


ЖЭС падаў на пенсіянера Юрыя Магонава пазоў аб высяленні. Прычына – мужчына не плоціць за арэнду камерцыйнага жытла.

Справа ў тым, што пенсіянер не прыватызаваў кватэру, у якой жыве з сярэдзіны васьмідзясятых гадоў. Пазіцыя Юрыя прынцыповая – кватэру атрымаў яшчэ ў савецкія часы, цалкам законна, таму нікому за яе нічога не вінаваты.

Цяпер запазычанасць за кватэру спадара Магонава складае больш за 1260 рублёў. Памер жа пенсіі – 267 рублёў, з якіх 55 прымусова вылічваюць. Камунальнікі ў сваіх патрабаваннях не бяруць пад увагу матэрыяльнае становішча пенсіянера.

Кватэру пенсіянера маглі б перавесці ў катэгорыю сацыяльнага жытла, за якую жыхарам плаціць ня трэба. Але ж ніхто гэтага не зрабіў. А цяпер, патрабуючы высялення, чыноўнікі ігнаруюць прававыя нормы, бо закон адваротнае сілы ня мае.

Нечакана для сябе стаў жыхаром камерцыйнага памяшкання і праваабаронца Сяргей Драздоўскі. Інтэрнат, дзе ён жыў 20 гадоў, перавялі ў іншую катэгорыю жытла. І кошт праз гэта вырас амаль утрая. Але новыя ўмовы пражывання абурылі Сяргея не столькі коштам, колькі тым, што жыхароў інтэрнату пасля гэтае пастановы знялі з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Сяргей заявіў пра гэта ў пракуратуру і ўжо праз восем месяцаў яна абавязала адміністрацыю вярнуць інтэрнату былы статус. Мужчыну аднавілі ў чарзе на кватэру, але пасля гэтага паспрабавалі нашкодзіць – выселіць з інтэрнату. У выніку сітуацыя скончылася тым, што адміністрацыя раёну пастанавіла адазваць пазоў з суда і заключыць з Сяргеем дамову на пражыванне яшчэ на тры гады. Але па сутнасці пытання не развязалі.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: