У новым парламенце могуць быць свае «Анісім» і «Канапацкая»


Юрый Меляшкевіч лічыць, што ўключэнне апазіцыянераў у новы парламент будзе залежыць ад вонкавай кан’юнктуры.

Палітычны свет Беларусі ў чаканні «палітычнай вакханаліі» – наперадзе прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Адзін за адным палітыкі абвяшчаюць пра свае намеры змагацца за галоўны палітычны прыз – пасаду прэзідэнта. Будучыя парламенцкія выбары выклікаюць куды меншы ажыятаж. Чаму, разбіраемся ў «Размове дня» са Святланаю Калінкінай і актывістам руху «За Свабоду» Юрыем Меляшкевічам.

Якога сцэнару чакаюць ад будучых парламенцкіх выбараў? Мінулым разам у краіне з’явіліся двое адкрыта апазіцыйных дэпутатаў – Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Найбліжэйшыя парламенцкія выбары пакуль не абяцаюць нават такой інтрыгі ды маюць усе шанцы стаць чарговаю непапулярнаю палітінфармацыяй. Між тым, госць праграмы Юрый Меляшкевіч адзначае, што прагнозы – справа няўдзячная.

«Мінулыя парламенцкія выбары – час, калі мы сутыкнуліся з сапраўды незвычайным здарэннем: Лукашэнка даў загад уключыць у склад парламенту двух прадстаўнікоў дэмакратычных структураў. Ці спатрэбіцца Лукашэнку ўключаць каго-небудзь у склад парламенту – прагназаваць цяжка. З майго пункту гледжання, усё гэта будзе залежаць ад вонкавай кан’юнктуры. Наколькі ёсць адчуванне, што эфектыўнае было гэтае рашэнне ў далучэнні да парламенту дзвюх асобаў з апазіцыі. Наколькі гэта патрэбнае для дыялогу з Захадам, наколькі гэта патрэбнае для таго, каб падтрымліваць нейкі рэжым такой палітычнай камунікацыі з правацэнтрысцкаю кааліцыяй, нацыянальна арыентаванай супольнасцю Беларусі. Я думаю, цалкам верагодна, што такія асобы з’явяцца і ў наступным парламенце», – пракаментаваў сітуацыю госць праграмы.

Больш пра выбары і пра тое, ці цікавае гэта беларусам, глядзіце ў праграме «Размова дня» са Святланаю Калінкінай і актывістам руху «За свабоду» Юрыем Меляшкевічам.

Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum