У Нацыянальным мастацкім у Ноч музеяў завесілі карціны чорным палатном


Ноч, калі музеі ладзяць канцэрты, паказваюць кіно і перформансы, вучаць і забаўляюць з усіх сілаў! Нацыянальны мастацкі сёлета не прапаноўваў шумнага інтэрактыву, а пастараўся нестандартна абыграць экспазіцыю – у манеры рамана Хульё Картасара «Гульня ў класікі».

Наведнікі абіралі паслядоўнасць прагляду, сумяшчаючы карціны з фрагментамі твору, і атрымлівалі ў выніку літаратурную гісторыю.

«Мы імкнемся знайсці новы спосаб паказаць звыклае. У прыватнасці мы завесілі чорным палатном некаторыя карціны, каб паказаць тыя палотны, на якія часта не звяртаюць увагі», – адзначае навуковая супрацоўніца Нацыянальнага музею Аліна Стралкоўская.

Для бальшыні наведнікаў гэтая ноч – рэдкая нагода трапіць у музей. Таму шмат хто змог адкрыць для сябе абстракцыянісцкі жывапіс Анатоля Кузняцова.

«Мы з сяброўкамі доўга гадалі, што ж тут выяўлена. І па настроі ўгадалі. Мне найбольш спадабаўся «Парад планет», таму што яны самыя яркія», – кажа наведніца музею.

Гістарычны музей паказаў экспазіцыю пра беларускі гандаль, а дворык ператварыўся ў вялікую канцэртавую пляцоўку.

Музей Азгура – бадай, адзіны, дзе музейная ноч сапраўды доўжыцца да світанку. І фармат інтэлектуальны: тут лекцыі ды чорна-белае кіно, а ў цэнтры ўвагі – выстава скульптаркі Галіны Гаравой.

Ейныя выкшталцоныя драўляныя фігуры, аздобленыя яркімі колерамі і золатам, нагадваюць татэмы. Галіна Гаравая – беларуская скульптарка з еўрапейскім прызнаннем, у 2005-ым годзе Францыя ўзнагародзіла яе ордэнам «Мастацтва і літаратуры». На радзіме ж яна выстаўлялася рэдка і толькі ў калектыўных праектах. Гэта першая персанальная выстава аўтаркі, якая пайшла з жыцця ў 2011-ым годзе.

«Яна была чалавекам абсалютна нешматслоўным, вельмі ціхім, сціплым, але бясконца глыбокім. І я магу сказаць чатыры словы, якія для мяне вызначылі яе – гэта форма, ідэя, прастора і час», мяркуе куратарка выставы Ганна Бабіч.

Гэтыя словы гучалі і ў начных лекцыях культуролага Максіма Жбанкова, філосафа Уладзіміра Мацкевіча, архітэктара Георгія Заборскага. А паглядзець выставу можна да 30 чэрвеня.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, belsat.eu