У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава Віктара Гаўрылава


У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася персанальная выстава, прысвечаная 90-годдзю Віктара Гаўрылава, якога называюць заснавальнікам беларускай мастацкай парцэляны.

Ён быў галоўным мастаком Менскага фарфоравага заводу. Заслужанага дзеяча мастацтваў не стала ў 2011-м.

«Віктар Георгіевіч – гэта была глыба пачаткаў. З яго пачынаўся фарфор», – адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн.

Нарадзінец Украіны, Віктар Гаўрылаў пераехаў у Менск у 36 гадоў. Тут ён спасцігаў, прапускаў праз сябе і перапрацоўваў беларускую культуру, што адлюстравалася не толькі ў абліччы, але і назвах ужытковых прадметаў.

«У яго быў пераходу ад украінскага пышнага расліннага арнаменту да нашага, геаметрычнага, да нашых тэмаў, да паўстання Кастуся Каліноўскага, да нашай гісторыі. Фарфор нават стаў агітфарфорам», – распавядае Ларыса Фінкельштэйн.

Дарэчы, менавіта агітацыйная парцаляна цяпер у асаблівай пашане сярод калекцыянераў. І яе, і іншыя ўжытковыя і не толькі творы Віктара Гаўрылава можна пабачыць у Нацыянальным мастацкім да 25-га чэрвеня.

Марына Вашкевіч, belsat.eu