Кожны з нас «У нас у аўташколах вучаць здаваць на правы, а не ездзіць». Чаму на беларускіх дарогах гіне шмат людзей




Калі едзеш зімой па хуткаснай трасе, то хочацца верыць, што дарожнікі сумленна апрацавалі палатно, а на тваім шляху не сустрэнецца дурняў. Адно, калі правілы парушае кіроўца. Але хто вінаваты, калі пад колы выскоквае дзікая жывёліна або асфальт раптоўна пераўтвараецца ў коўзанку.

У смяротнае ДТЗ траіў вядомы бізнесмен, адзін з інвестараў «5 элемента», уласнік турыстычнага комплекса «Наносы-Наваселле» Яўген Навасялецкі.

У ДТЗ загінуў бізнесоўца і суўладальнік крамаў «5 элемент» Яўген Навасялецкі

Троху больш за месяц таму ён ехаў па адной з дарог праз Вілейскі раён, кіраваў «Шкодай Фабія». Кіроўцу, які ехаў насустрач, пад колы выбеглі два ласі. Спрабуючы аб’ехаць жывёлін, той сутыкнуўся лоб у лоб з Яўгенам Навасялецкім, бізнэсовец загінуў.

Эксперты кажуць, што сутыкненні з буйнымі жывёлінамі вельмі небяспечныя. Каб выратаваць сябе на дарозе, трэба ўлічваць памеры жывёліны.

«Каб пазбегнуць смерці, калі вы пабачылі, што жывёліна вышэй за капот, сыходзьце ўправа на абочыну. Сутыкненне з ласямі, аленямі, мядзведзямі, усё, што вышэй за капот, вагою ад 300-400 кілаграмаў пры сутыкненні на хуткасці ад 50-60 км/ч – смяротна небяспечна», – кажа намеснік дырэктара Цэнтру контраварыйнай падрыхтоўкі voditel.by Дзмітрый Перлін.

Калі на дарогу выскачыла невялікая жывёліна Дзмітрый раіць тармазіць і не намагацца ўвярнуцца ад сутыкнення.

«Каб выканаць абʼезд перашкоды, трэба мець нерадавыя навыкі, якім у нас не вучаць. У нас у аўташколах вучаць здаваць на правы, а не ездзіць», – адзначае эксперт.

Сутыкненні з жывёлінамі досыць частая справа. 1 студзеня гэтага года пад Горадняй машына збіла зубраня. Пасля ўдара жывёліна паднялася і пайшла ў бок, дзе яе збіла ўжо другая машына, гэтым разам насмерць. Прыкметна, што ў гэтай гісторыі хадзілі чуткі, што кіроўцам могуць выпісаць агромністы штраф за забойства жывёлінаў з Чырвонай кнігі, бо на тым участку стаялі адпаведныя знакі, што на дарогу могуць выходзіць жывёлы. Але ці вінаватае, напрыклад, лясніцтва, на тэрыторыі якога ласі выбягаюць на дарогу?

«У адпаведнасці з Законам аб жывёльным свеце, дзікая жывёла, як і іншыя абʼекты жывёльнага свету, знаходзяцца выключна ў дзяржаўнай уласнасці. З гэтага тэарэтычна вынікае, што адказнасць за шкоду, якую прычынілі гэтыя дзікія жывёліны, павінен несці яго ўладальнік, то бок дзяржава», – тлумачыць адвакат Сяргей Іваноў.

Зразумела, што цалкам жывёлінаў ізаляваць немагчыма, але ж як тады абараніць сябе ад ДТЗ? Эксперты кажуць, што трэба падвышаць свае навыкі кіравання аўтамабілем.

У большасці ж ДТЗ вінаватыя не жывёліны, а людзі. Сведкі і ўдзельнікі жудасных здарэнняў распавялі пра свой вопыт у студыі ток-шоу «Кожны з нас». Таксама ў праграме прагучалі галасы сведкаў ДТЗ, у якім загінуў беларускі футбаліст Андрэй Шчарбакоў разам з сямʼёй. Сведчанні гэтых людзей не супадаюць з афіцыйнай версіяй дарожнікаў і супрацоўнікаў ДАІ.

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Глядзі таксама
Каментары