«У нас трэці ўзровень небяспекі – якая Беларусь?». Дэпутатка гарадской рады Антвэрпэну пра супрацу з РБ


Бельгія як арыенцір для беларускіх парламентароў. Гэтак выказаўся намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Балеслаў Пірштук пад час сустрэчы з бельгійскай дэпутаткай Ёлеэн Ван Камп, якая кіруе секцыях стасункаў з Беларуссю.

Бакі абмяркоўвалі перспектывы развіцця беларуска-бельгійскай міжпарламенцкай супрацы. Пад час сустрэчы з Балеславам Пірштуком бельгійская дэпутатка заявіла, што «беларуская палітычная сістэма вельмі адкрытая».

Не праяўляю такога аптымізму, як нашая дэпутатка, – кажа дэпутатка гарадской рады Антвэрпэну Галіна Мацюшына. – Падчас летняй сесіі парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску мая калега Нэйма Ланджры пазнаёмілася і сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і НДА, і мае зусім іншы погляд на беларускую сітуацыю.

«Удзельніцы цяперашняй дэлегацыі ў Беларусі – прадстаўніцы кіроўнай партыі «Новы фламандскі альянс», яны добрыя эксперткі, але іх паездка носіць азнаямляльны характар. Паездка не мае на мэце прыняцце нейкіх рашэнняў, якія будуць фармаваць бельгійскую палітыку», – дадае Галіна Мацюшына.

Да таго ж, Бельгія прытрымліваецца вектару Еўрапарламенту, яна не можа яго перанакіраваць і змяніць, – дадае нашая суразмоўца.

У сваю чаргу беларускі парламентар разлічвае на актывізацыю стасункаў, у тым ліку, таму што Бельгія – гэта прыклад эканамічнага развіцця і дабрабыту.

«Бельгія перажывае цяпер крызіс, звязаны з тэрарыстамі і ўцекачамі. У Бельгіі захоўваецца трэці ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Таму зацікаўленасці ў цеснай супрацы з Беларуссю ў Бельгіі я пакуль не бачу», – кажа Галіна Мацюшына.

Погляд з Бельгіі на сустрэчу беларускага і бельгійскай бакоў глядзіце ў «Гарачым каментары».