У нас няма ні хлеба, ні туалетнай паперы, ні нават наяўных грошай - хлопец, які з'ехаў з Венесуэлы


У апошнія гады Венесуэла перажывае глыбокі фінансавы і гуманітарны крызіс. Праз нястачу лекаў у гэтай краіне небяспечна хварэць нават на прастуду. Сёлета вядоўца «Белсату» на ўласныя вочы ўбачыў тое, што адбываецца ў гэтай калісьці заможнай краіне. Цяпер адтуль масава ўцякаюць усе, хто толькі можа. Сярод іх Люіс Арэнс.

Сяргей Падсасонны: Прывітанне, Люіс. Чаму ты выехаў са сваёй краіны?

Люіс Арэнас: Як і шмат іншых венесуэльцаў, бо для большасці ў маёй краіне сітуацыя жахлівая. Таму мы змагаемся, каб выжыць там.

Што ты маеш на ўвазе пад «жахлівай» сітуацыяй?

Гэта эканамічны, гуманітарны крызіс. У нас няма ежы, няма медыкаментаў. Гэта гучыць смешна, але ў нас нават няма наяўных грошай.

Мы бачылі шмат пра гэта ў тэлебачанні. Калі параўнаць, сітуацыя падобная ці, можа, горш, чым паказваюць?

Мяркую, тэлебачанне паказвае толькі адзін бок. Жыццё выглядае горш. Часам людзі кажуць, што ў нас ёсць нейкія замежныя тавары, але няма туалетнае паперы. Але гэта толькі прыклад. Мы не маем хлеба, малака, базавых рэчаў. Гэта жахліва, калі ты мусіш адстаяць доўгія гадзіны ў чарзе па хлеб. І гэта не азначае, што ты яго купіш. Хлеб мы маем не штодня. Лекі? Часам патрэбныя месяцы, каб знайсці неабходныя таблеткі. А часам ужо бывае надта позна.

Ці ты бачыш нейкае выйсце для тваёй краіны?

Я не бачу лёгкага выйсця тут і цяпер, бо развал ня толькі эканамічны. Калі мы зменім улады, якія кіравалі апошнія дваццаць гадоў, зможам развязаць нейкія праблемы: эканамічныя, аховы здароўя, – але мы не развяжам падставовых праблемаў грамадства. Падмурак грамадства сур’ёзна вынішчаны ў Венесуэле, гэта стварае новыя праблемы, новыя чорныя рынкі. Гаворка ідзе пра людзей, якія нарадзіліся пятнаццаць-дваццаць гадоў таму, і ўсё, што яны ведаюць, гэта сацыялізм, камунізм. Каб змяніць мысленне гэтых людзей, патрэбныя дзесяцігоддзі.

Але чаму неабходныя такія змены?

Бо сітуацыя цягне венесуэльцаў на дно, у глыбокую дзірку, літаральна зжырае нашае жыццё. Шмат людзей паміраюць, галадаюць – паміраюць ад звычайных хваробаў. Нават прастуда можа быць небяспечнаю ў Венесуэле.

Венесуэла была для Беларусі вялікім сябрам. Нам гэта паказвалі на дзяржаўным Беларускім тэлебачанні ўвесь час. Цяпер Венесуэле патрэбная дапамога. Як іншыя краіны могуць дапамагчы?

Надта складана дапамагчы, калі мы гаворым пра шараговага жыхара краіны, як я. Бо ўлады не прымаюць гуманітарнае дапамогі з-за мяжы».

З заходніх краінаў?

З іншых таксама. Бо гэта будзе прызнанне крызісу ў краіне. А для ўладаў аніякага крызісу няма.

Як выглядае сітуацыя з бяспекаю і злачыннасцю ў тваёй краіне?

Ох, Каракас самы небяспечны горад на свеце цяпер. Гэтак – апошнія тры гады. З дзесяці найбольш небяспечных гарадоў свету пяць – у Венесуэле. Гэта вельмі небяспечна. Людзей могуць забіць, застрэліць адразу па прылёце, у аэрапорце. Бо яны маюць долары. Гучыць жахліва, але гэта праўда.

А якія ў людзей заробкі?

Мы толькі распачынаем год. Але мінімум, які шараговыя людзі маюць, – гэта нейкія пяць долараў на месяц.

Цяжка паверыць! А Венесуэла ж мае найвялікшыя запасы нафты на свеце.

Гэта праўда. Смешна, але яшчэ пяцьдзясят гадоў таму Венесуэла была трэцяю сярод наймацнейшых гаспадарак на свеце.

Як магло дайсці да сённяшняе сітуацыі?

Прыйшлі камуністы. У іх не было добрых палітычных і эканамічных развязанняў. Людзі думалі, што Уга Чавэс мае добрыя эканамічныя ідэі. Але не, яму проста пашанцавала. Калі ён прыйшоў да ўлады, кошты на нафту былі каля васьмі долараў за барэль, але раптам выраслі да ста.

То бок, эканоміка Чавэса грунтавалася на нафце?

Больш за дзевяноста адсоткаў гаспадаркі, нават дзевяноста пяць – гэта нафта.

Яны толькі выкарыстоўвалі нафтавыя запасы і нічога больш?

Збольшага нічога. У нас былі некаторыя іншыя рэчы: плантацыі кавы, зерне какавы, рысавыя палі. Але сёння ў краіне няма долараў. А таму людзям у сельскай гаспадарцы не хапае фінансавання для імпарту неабходных рэчаў, каб вырошчваць гародніну на экспарт. Амаль сто адсоткаў экспарту ў Венесуэле – гэта нафта».

У цябе ёсць блізкія ў Венесуэле? Ты кантактуеш з імі?

Так, уся мая сям’я там.

Што твая сям’я кажа табе штодня?

Калі я пытаю іх, як справы, адказваюць «зрабілася горш, чым учора». Кожны дзень – гэта змаганне з дрэнным. Крызіс стварае шмат розных дзіўных рынкаў. Каб займець крыху наяўных грошай з тваёй карткі, вымушаны пераплаціць нават сто адсоткаў, бо ў нас няма наяўных у краіне.

Чаму ў сітуацыі, калі ўсе бачаць рэальнасць праблемы, не пратэстуюць?

Людзі баяцца. Хто пратэставаў, забітыя. Вельмі шмат людзей забілі, сотні. І за апошнія гады тысячы – кінулі ў турму. Людзі запалоханыя.

Што з апазіцыйнымі лідарамі?

Некаторыя таксама застаюцца ў турмах. Некаторым людзі проста не давяраюць, бо яны сталі прадзяржаўнымі. А некаторыя ня могуць шмат зрабіць. У нас няма аднаго лідара. Мы маем трох-чатырох розных лідараў. Некаторыя не могуць удзельнічаць у выбарах, бо ім забаронена. Большасць у турме. І нават апазіцыя таксама падзеленая».

Ці магчыма шукаць праўды ў паліцыі?

Паліцыя – хіба найгоршая ўстанова ў Венесуэле. Яна вельмі карумпаваная. Бадай, найбольш карумпаваная ўстанова ў краіне. І гэта ўсё прыкрытае. Іншы момант: паліцыя – гэта ўстанова, якая выкрадае людзей, выкрадае турыстаў. Як можна давяраць установе, якая забівае, выкрадае людзей ці займаецца вымагальніцтвам? Таксама кантралюе продаж наркотыкаў. Гэта дакладна вядома. Вайскоўцы таксама замяшаныя ў продаж наркотыкаў. Гэта такое выкарыстанне ўлады. Яны робяць, што толькі хочуць.

Гучыць жахліва. Прыгожая краіна змянілася неверагодна. Ты вельмі любіш сваю краіну. Але ці хочаш вярнуцца?

Вельмі хачу вярнуцца. Там уся мая сям’я. Вельмі хачу быць зімі. Але гэта небяспечна нават для мяне. Вельмі небяспечна для кожнага, хто хоча вярнуцца ў такой сітуацыі. Калі яны ведаюць, што ты вяртаесся з-за мяжы, ведаюць, што ў цябе ёсць долары. Толькі прылятаеш у аэрапорт, цябе пытаюць пра долары. Вайскоўцы. Нацыянальная гвардыя, якая ахоўвае аэрапорт. Ты павінен заплаціць ім. Калі не заплоціш, могуць абвінаваціць у наркатрафіку, забяруць цябе ў невялічкі пакой, дзе абшукаюць. Могуць забраць і ў турму.

Але венесуэльцам складана таксама і ў замежжы?

Так. Кожная краіна мае свае ўласныя праблемы. Але мы атрымліваем дапамогу ад іншых краінаў. Іншы від дапамогі. Перу, напрыклад, дазваляе бесперашкодна прыязджаць. Венесуэльцы едуць туды працаваць. Эквадор выдае танныя візы. Таксама Калумбія. Гэта нейкая дапамога».

Але мы разам бачылі ў Эквадоры пратэст супраць венесуэльцаў.

Бо спачатку было добра, а цяпер вельмі шмат мігрантаў у Эквадоры, Калумбіі, Панаме. І людзі асцерагаюцца, што мы нешта адбяром у іх: працу, ежу. Можа, гэта і так. Але мы ў патрэбе. Нам трэба гэта.

Гутарыў Сяргей Падсасонны, «Белсат»