«У мяне быў шок, калі я ўбачыў сваю нагу!» Сілавікі моцна скалечылі маладзёна


Ахвяры гвалту сілавікоў пачалі атрымоўваць ад Следчага камітэту адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту прычынення ім цялесных пашкоджанняў.

Адным з такіх пацярпелых быў Рыгор Сайкоўскі. Уначы 10 жніўня ён ішоў у кірунку свайго дому. У гэты час каля станцыі метро «Пушкінская» сілавікі разганялі мірных пратэстоўцаў. Побач з Рыгорам выбухнула святлошумавая граната.

«Як я памятаю, яркі выбліск – аглушыла мяне на пару секундаў. Нага ў мяне ўжо асабліва не рухалася, і я папоўз, – прыгадвае падзеі таго дня Рыгор. – Мяне падхапіў хлопец пад рукі і пацягнуў да крамы».

Hавiны
Барыкады, разгон, надзея. Фотападборка з пратэсту на Прытыцкага
2020.08.11 03:21

Неабыякавыя грамадзяне дапамаглі Рыгору дабрацца да шпіталю. Мужчына дагэтуль памятае сваіх выратавальнікаў, кіроўцаў Таццяну і Віктара:

«Мне зрабілася блага ў аўце, пачало ванітаваць. І гэтая жанчына – Таццяна – толькі і казала: «Не вырубіся! Давай размаўляць пра ўсё, мы хутка даедзем да лякарні».

Рыгора даставілі ў Больніцу хуткай медычнай дапамогі. На жаль, медыкі не здолелі ўратаваць ягонага ступака.

«Ранкам я прачынаюся, і ў мяне шок, калі я ўбачыў сваю нагу! Нібы нейкі кумпяк з Камароўскага рынку. Побач два маладзёна ляжаць. Пытаю ў іх: «А з вамі што?» Яны адказваюць: «Наступствы «Пушкінскай». Ад АМАПу не паспелі збегчы», – распавядае Рыгор.

Каля паўтара месяца спадар Сайкоўскі правёў у шпіталі. Пасля атрыманай траўмы – складана самастойна перасоўвацца. Але ён не застаўся сам-насам з бядою – падтрымліваюць і суседзі і валанцёры. А пры дапамозе праваабаронцаў Рыгор напісаў заяву ў Следчы камітэт.

«Прыйшла адна следчая і пачала распытваць: «А не маглі ў цябе пратэстоўцы кінуць гранатаю? А ці магла граната выпасці з вакна?» – апавядае мужчына. – Галоўнае, каб гэта не сілавікі былі».

Hавiны
«Адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы». Ахвяры міліцэйскага гвалту пачалі атрымоўваць адказы на заявы ў СК
2020.11.05 15:04

Рыгор сярод тых, хто чакае крымінальных справаў за гвалтоўныя дзеянні сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў. Але праз тры месяцы ніводнай крымінальнай справы так і не распачалі.

«У нас ва ўсіх, каго выпісвалі, у нас ва ўсіх побытавыя траўмы. Няма ніводнага, хто б пацярпеў ад дзеянняў сілавых структураў», – кажа Рыгор.

Рыгору далі трэцюю групу інваліднасці. Вырабіць патрэбны мужчыну пратэз у нашай краіне немагчыма – іх робяць у Амерыцы і ў Ізраілі.

Мaю прaвa
Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі
2020.09.18 20:05

Праваабаронец Павел Сапелка з цэнтру «Вясна» адзначае, што такое ўжыванне спецсродкаў груба парушае правы чалавека.

«Калі ўдзельнікі мірных дэманстрацыяў трапляюць пад уздзеянне спецсродкаў, зброі, фізічнай сілы праваахоўнікаў, мы заўсёды кажам, па-першае, аб парушэнні права на мірныя сходы, – зазначае юрыст. – Па-другое, пра парушэнне права не быць пад уздзеяннем жорсткага бесчалавечнага абыходжання».

Цяпер спадар Сайкоўскі рыхтуецца да паездкі ў Польшчу: там яго чакае курс рэабілітацыі.

«Хачу дамагчыся справядлівасці. Я папросту жадаю, каб адказаў Караеў, Лукашэнка з Шэйманам па ўсёй строгасці закону», – адзначае мужчына.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Вядомага хірурга затрымалі, калі ён ішоў на сустрэчу
  • Беларусы – пра гвалтоўныя дзеянні сілавікоў
  • Пакараная арыштам шукае справядлівасці ў судах
  • Менчукі намагаюцца спыніць сумнеўную будоўлю

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.