У Менску з'явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц


Назвы менскіх вуліцаў змяняліся разам з гісторыяй – і пераважна змяняліся непазнавальна. Напрыклад, вуліцу Зыбіцкая пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага пераназвалі ў Балотную – імя, якое не мае дачынення да шляхты і каталіцызму, а потым на просьбу багатых габрэяў, што займаліся гандлем, – у Гандлёвую. Гістарычная ж назва вярнулася да гэтай вуліцы толькі ў 2010 годзе. Але назвы вярнуліся не паўсюль.

«Калі мы даем назвы, не звязаныя з гісторыяй Менску, вось, напрыклад, вуліца Герцэна. Вельмі, можа, добры гэты хлопец Герцэн, але сапраўды, што ён зрабіў для Менску?» – пытаецца гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Першыя спробы вярнуць менскім вуліцам іх гістарычныя назвы былі ў 90-ыя, але працэс хутка спыніўся. У 2014-ым міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Альтэрнатыва» распачало збор подпісаў за размяшчэнне на вуліцах сталіцы шыльдаў з іх гістарычнымі назвамі, гаворыць актывіст грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» Алег Корбан:

«Адная з галоўных мэтаў такой задумы – усё ж такі зрабіць унёсак у тое, каб наш горад вяртаў сваё былое гістарычнае аблічча».

У выніку збору больш за дзве тысячы подпісаў у Верхнім горадзе сталіцы і з’явіліся шэсць шыльдаў, на якіх адлюстраваная гісторыя зменаў назваў вуліцаў.

Сярод пажаданняў менчукоў чуваць мары і пра поўную змену тапонімаў з савецкіх на гістарычныя. Магчыма, такі і будзе наступны крок.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Ці ёсць у мовы сэрца? Спектакль «Бі-Лінгвы» – зноў у Менску.

Хрышчэнне Польшчы – як народзіны польскай дзяржавы. Выстава ў Чырвоным касцёле.

Помнік, рытуал і крышталь як спадчына савецкай эпохі.

Марыя Арцыбашава, Вольга Гардзейчык, Алесь Ляўчук