У Менску стартуе адукацыйны праект «15 x 4»


За 15 хвілінаў распавесці пра штучны інтэлект або развіццё касманаўтыкі! У Менску стартуе адукацыйны праект «15 x 4» з міні-лекцыямі на самыя розныя тэмы.

Праект прыдумалі ў Харкаве, некалькі сяброў збіраліся за гарбатаю і дзяліліся ведамі з кніг ды «Вікіпедыі». Потым сустрэчы сталі публічныя, а сёння яны праходзяць у больш як 20-ці гарадах СНД і Еўропы. Лекцыі некамерцыйныя і ладзяцца сіламі валанцёраў. У Менску ідэю падхапіў айтышнік і рамеснік Ігар Страх разам з сябрамі: «Я напісаў стваральніку праекту і спытаў: у Менску штосьці падобнае ёсць? Хтосьці робіць? На што ён адказаў мне: «Робіць. Ты».

Алкаголь, біялагічная зброя, сайты знаёмстваў, шызафрэнія, малюскі ці японская лаянка – тэмаю выступу можа стаць што заўгодна. Галоўнае, падыход мае быць навуковы. Лектарам таксама можа быць кожны, незалежна ад прафесіі, сцвярджае арганізатар: «Прафесар хіміі можа захацець распавесці пра лады гітары. І гэта нармальна. Свет занадта вялікі, каб мы сябе абмяжоўвалі».

Але ў тэме трэба разбірацца, бо, хоць лекцыя ўсяго 15 хвілінаў, пасля яе ёсць час на пытанні. Адтачыць выступ можна на рэпетыцыі. Лектарка Марына Амбражэйчык рыхтуецца да аповеду пра клікер для дрэсіроўкі сабак: «Чаму я абрала гэтую тэму? Мне здаецца, гэта актуальна нават не столькі для дрэсіроўкі сабак (я займаюся сабакамі), колькі ўвогуле карысная рэч – марскіх свінак можна дрэсіраваць, можна гуляць вялікімі кампаніямі ў «горача – халодна». З гэтаю штукай весялей».

На першым лекторыі, які адбудзецца 30 чэрвеня ў прасторы «Спэйс», распавядуць таксама пра пачатак Другой сусветнай вайны і развіццё пілатавальнай касманаўтыкі. Уваход бясплатны.

Іншыя тэмы: Дадатковы сеанс мультфільму«Маленькі прынц» з беларускім агучваннем прайшоў у Менску. «Танцы на асфальце» – новая ініцыятыва выпускнікоў школы Цэнтру гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца».

 

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»