У Менску развіталіся з хакеістам Уладзімірам Цыплаковым


14 снежня пайшоў з жыцця славуты беларускі хакеіст Уладзімір Цыплакоў. Яму ішоў толькі 51 год. Сёння на крытым катку клубу «Юнацтва» у менскім парку Горкага адбылося развітанне з нападнікам, дзе кожны ахвотны мог аддаць Уладзіміру Цыплакову даніну памяці.

Пахаванне адбылося на Усходніх могілках і, што сімвалічна, побач з магілай яшчэ адной легенды беларускага хакею Руслана Салея.

«Я яго ўзгадваю як сапраўднага мужыка. Яго кар’ера складвалася няпроста. У Амерыцы ён пачынаў з ніжэйшых лігаў. Прабівацца яму было цяжка. Але след пра сябе ён пакінуў яскравы», – кажа заслужаны трэнер Беларусі Уладзімір Сафонаў.

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Анатоль Варывончык узгадвае:

«Валодзя адклікаўся на ўсе спаборніцтвы адным з першых. Яго не трэба было ўгаворваць. Заўсёды з задавальненнем прыязджаў. І быў лідарам. Ён быў простым у размовах і ставіўся добра да трэнераў і партнёраў».

Юрый Файкоў, які гуляў разам з Уладзімірам Цыплаковым за зборную Беларусі, кажа:

«Валодзя быў шчыры, добразычлівы, жыццярадасны. Ніхто не мог бы падумаць… Я не ўяўляю, што адбылося… Мы сябравалі больш за 30 гадоў. Гулялі разам. Крыўдна, што так атрымалася. Спачуваю родным, блізкім, усім сябрам».

«Белсат» далучаецца да спачуванняў на адрас родных і блізкіх Уладзіміра Цыплакова.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu