Агляд падзеяў культуры У Менску правялі прамежкавыя вынікі конкурсу на помнік у Курапатах


Праекты канкурсантаў атрымаліся розныя не толькі формаю, але і жанрамі.

Графіка, жывапіс, скульптура ды нават літаратура, аднак перадусім ідзецца пра мемарыял, альтэрнатыўны афіцыйнаму, ініцыятыву якога падхапілі ўлады пасля пратэстаў супраць будоўлі на месцы сталінскіх расстрэлаў.

«Ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы ёсць мемарыялы, якія на афіцыйным узроўні ўшаноўваюць памяць расстраляных у сталінскі час, толькі ў нас няма. Першы чалавек нашай краіны цягам 23 гадоў яшчэ ні разу не быў у Курапатах. Гэта проста дзікунства», – перакананы мастак Генадзь Драздоў.

Журы сімвалічна ўзнагародзіла ўсіх, хто даслаў заяўку. Аднак старшыня журы, мастак Алесь Марачкін, перакананы, што сапраўды вартая ідэя мемарыялу мусіць выпрацавацца з часам.

«Нават урадавыя арганізацыі – напрыклад, Міністэрства культуры – адчулі, што нельга гэтак – на загад адразу зрабіць праект», – мяркуе старшыня журы конкурсу «Курапаты – народны мемарыял» Алесь Марачкін.

Конкурс, абвешчаны суполкаю мастакоў «Пагоня» ды ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў», працягваецца. Зрэалізаваць найлепшы праект актывісты збіраюцца за кошт добраахвотных ахвяраванняў.

Марына Вашкевіч

Глядзі таксама
Каментары