Агляд падзеяў культуры У Менску пачаўся студэнцкі фестываль «Тэатральны куфар»


Дачыненні пары сталага веку – падавалася б, тэма, далёкая ад студэнцкай бестурботнасці. Тым не менш, менавіта са спектаклю з такою галоўнаю лініяй ад віцебскага тэатру «Кола» пачаўся фестываль «Тэатральны куфар», які ў сценах Ліцэю БДУ зноў сабраў навучэнцаў універсітэтаў з розных краінаў.Джон Фрымэн, які кіруе адным з тэатраў у Вялікай Брытаніі ў Менск прыехаў не ўпершыню:

«Калі я быў тут мінулым разам, была вельмі цёплая атмасфера. Тут быццам бы і канкурэнцыя, але атмасфера вельмі добразычлівая».

Сябра журы Дар’юш Езерскі з Польшчы пагаджаецца, што атмасфера фестывалю – незвычайная:

«Я наведаў шмат фестываляў, але падобнага да гэтага яшчэ не сустракаў. Тут іншая душа, іншыя пачуцці, іншыя адносіны. Тут чалавек адчувае, што цягам тыдня з’яўляецца часткай вельмі душэўнага калектыву. Тут усе сябруюць і, перад усім, вучацца».

Першы «Тэатральны куфар» адбыўся ў 2004 годзе. Тады ў фестывалі ўзялі ўдзел ангельскія, беларускія, расейскія і швейцарскія студэнцкія тэатры. Сёлета ўдзельнікі фестывалю прыехалі з дванаццаці краінаў. Гледачоў чакае 20 спектакляў ад студэнтаў з Вялікай Брытаніі, Грузіі, Бельгіі, Іспаніі, Ірану ды іншых краінаў.Спектаклі – ад студэнтаў, але не толькі для студэнтаў. Арганізатарка фестывалю Дар’я Шульга кажа, што прыходзіць можна і без залікоўкі:

«У «Куфара» ёсць свая публіка – людзі, якія пастаянна прыходзяць на наш фестываль з года ў год. 12 гадоў таму яны былі валанцёрамі, дапамагалі арганізоўваць фестываль, а цяпер яны прыходзяць сюды са сваймі дзецьмі. Акром іх кожны год прыходзіць новая моладзь, якая цікавіцца тэатрам».

Сярод журы – прафесіяналы з Грузіі, Украіны і Вялікай Брытаніі. Яны ацэняць уменні калектываў у намінацыях «найлепшы актор і акторка», «найлепшая сцэнаграфія» ды «найлепшыя актор і акторка другога плану». Узнагародзяць пераможцаў вечарам у суботу.

Іншыя тэмы:

Змест Нобэлеўскай лекцыі Святланы Алексіевіч будзе «грубы і жорсткі».На канцэрце ў Менску «Manowar» разыграе «Harley Davidson».У Берасці паўсотні бардаў праспявалі песні Высоцкага.Валерыя Уласік, Марына Вашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары