У Менск трапіла «Саргасава мора»


Гарадзенскі пісьменнік Сяргей Астравец прывёз у Менск «Саргасава мора». Кніга апавяданняў выйшла з паўгады таму, але цяпер яе прэзентавалі ў сталічным Музеі Петруся Броўкі.

Сяргей Астравец – аўтар некалькіх кніг, але гэтая першая, якая выйшла ў Менску і будзе прадавацца ў дзяржаўных кнігарнях. У яе ўвайшлі найлепшыя апавяданні за апошнія 15 гадоў. Бадай, галоўнае, што яднае іх – гэта дух Горадні, ейная старажытнасць і сучаснасць. Цікава, што аўтар нарадзіўся ў Менску, а ў Горадню пераехаў у 25-гадовым узросце. І з таго часу гэты горад заўжды з ім.

«Апавяданні чалавека, які жыве ў сваім часе, перажывае за гэты час, перажывае за свой горад, за сваю краіну, за Беларушчыну», – кажа пісьменнік Сяргей Астравец.

Усё жыццё Сяргей Астравец працуе журналістам. А таму ў аснове ягонай прозы часам абсалютна журналісцкія сюжэты. Напрыклад, у апавяданні «Саргасава мора», якое дало назву кнізе, гісторыя пра тое, як пасля будаўніцтва Каўнаскай ГЭС чырвоная рыба з Нёмна больш не магла хадзіць на нераст у Балтыку, апынуўшыся быццам у клетцы. Але проза, вядома ж, не пра рыбу, а пра чалавечае жыццё:

«Я думаю, яна зацікавіць чытача менавіта сваёй грунтоўнасцю найперш, моцнай глебай, моцным падмуркам, добрымі ведамі і эрудыцыяй аўтара, назіральнасцю за жыццём», – адзначае Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

А яшчэ – добрай жывой мовай. І тут таксама цікава – ягоны бацька быў вайсковец, таму ў школе Сяргей беларускую мову не вучыў. Але загаварыў і пачаў пісаць на журфаку пад уплывам сваіх аднакурснікаў – пісьменніка Сяргея Дубаўца і журналіста Ігара Герменчука. Дарэчы, менавіта Ігару Герменчуку, рэдактару колішняй знакамітай газеты «Свабода», Сяргей Астравец збіраецца прысвяціць новую кнігу, над якой цяпер працуе.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, фота на перадпраглядзе: lit-bel.org