У Мазыры поні завезлі на мясакамбінат і хацелі пусціць на кілбасы


Настасся Палінка трымае прыватную стайню «Конскі рай» у Мазыры. Амаль дзесяць гадоў яна вучыць верхавой яздзе ўсіх ахвотных.

Мае спадарыня Настасся яшчэ адзін кірунак сваёй дзейнасці:

«Іпатэрапія – гэта лячэбная верхавая язда, для рэабілітацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі».

Напярэдадні новага года ў стайні з’явілася новая жыхарка – поні Манюня. Яе забралі з бойні. Працаўнікам мясцовага мясакамбінату стала шкада жывёлы, і яны патэлефанавалі Настассі:

«Стан і маральны і фізічны ў яе быў вельмі цяжкі. Хадзіць самастойна яна не магла. З паркоўкі мы яе неслі на руках, – распавяла нам уласніца стайні. – Пяць дзён, якія яна правяла ў нас да прыезду адмыслоўцаў, яна толькі стаяла, яна папросту не магла фізічна рухацца».

Манюня не магла рухацца, бо ейныя капыты былі вельмі недагледжаныя, і яна пакутавала на ламініт. Да такога стану яе давялі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Зара», дзе разводзяць поні. Настасся Палінка растлумачыла нам прычыну ўзнікнення гэтай хваробы ў коней:

«Ламініт у коней – гэта інтаксікацыя арганізму. Арганізм жывёлы не можа адолець нейкае атручванне, або яе сілкуюць неадпаведнаю ежаю. Тады ідзе разрастанне капытнага рогу».

Адмыслоўцы з Менску зрабілі жывёле расчыстку капытоў. Працэдура цягнулася каля трох гадзінаў. Упершыню за доўгі час Манюня здолела паспаць. Цяпер у стайні «Конскі рай» чакаюць ветэрынара з рэнтгенам, каб даведацца, ці сугломы маленькага каня змогуць аднавіцца. Паводле адмыслоўцаў, аднаўленне ног поні зойме паўгода-год. Пакуль жа новыя гаспадары кормяць Манюню адмысловымі дадаткамі ды патроху вучаць наноў хадзіць. Яўген Палінка, муж Настассі, кажа, што яны пераймаюцца лёсам іншых поні, якія засталіся на прадпрыемстве «Зара»:

«Асноўнае пажаданне, каб падобныя рэчы больш не паўтараліся. Каб кіраўніцтва прадпрыемства звярнула ўвагу на іншых каней, якія яшчэ ў іх засталіся».

Спадар Яўген кажа, што догляд за поні не вымагае вялікіх высілкаў і сродкаў, тым больш ёсць ахвотныя дапамагчы ў гэтай справе:

«Літаральна за сімвалічную аплату – за аплату паліва ў абодва бакі – людзі гатовыя прыехаць і дапамагчы гэтым маленькім коням».

Мы выправіліся на ферму прадпрыемства «Зара», з якой Манюню адвезлі на бойню, каб на ўласныя вочы пабачыць, у якім стане ўтрымліваюцца іншыя поні. Аднак працаўнік фермы, спаслаўшыся на загад дырэктара прадпрыемства, адмовіўся пусціць нашую здымачную групу.

Настасся Жаўрыд, дырэктарка цэнтру «Анімалекс», бачыць у выпадку Манюні парушэнні адразу двух адміністратыўных артыкулаў: парушэнне правілаў ветэрынарна-санітарнага ўтрымання жывёлы і жорсткае абыходжанне з жывёлаю. Каб знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці, Настасся Жаўрыд раіць, па-першае, звярнуцца да ветэрынара, а па-другое:

«Знайсці адмыслоўца ва ўтрыманні гэтае жывёлы. І ўжо пасля звяртацца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. І другі шлях – звярнуцца да свайго ўчастковага міліцыянта».

Настасся і Яўген Палінкі спадзяюцца, што больш поні з прадпрыемства «Зара» не трапяць на бойню, бо гэтую жывёлу выводзілі зусім для іншых мэтаў.

«Манюня будзе проста часткаю нашай сям’і. Магчыма, будзе суправаджаць іншых коней на прагулцы і атрымліваць асалоду ад жыцця».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары дому не могуць дачакацца ад камунальнікаў кампенсацыі
  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» – пра абарону спажыўцоў
  • Менчукі – пра спрэчкі з пастаўляльнікамі паслуг
  • Маці вязня распавядае пра ўмовы ўтрымання сына ў турме

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.