У Лукашэнкі – раздваенне асобы? Чаго нагаварыў кіраўнік краіны ў штогадовым пасланні да народу


Пасланне да народу і Нацыянальнага сходу пачалося а 10:30. Цягнуўся 2 гадзіны. Потым былі пытанні з залы. Аляксандр Лукашэнка часта казаў банальнасці пра ўсё і ні пра што. Сварыўся на дзяржслужачых і ўрадоўцаў, тыя ўставалі, як хлопчыкі і дзяўчынкі да біцця, ды пахілялі галовы. Нагаварыў кіраўнік шмат. Але былі і моманты, якія выклікалі шквал абурэння. Асабліва, калі кіраўнік адрываўся ад напісанага на паперы.

Аглядальнік Радыё Свабоды Віталь Цыганкоў звяртае ўвагу на моўнае пытанне, якое ўзняў кіраўнік, як ён ездзіць па дарозе і абураецца надпісам на роднай мове «хуткасны рэжым», якой не разумеюць расейцы. Лукашэнка папрасіў, цытата, «вернуць название нормальнае». Віталь Цыганкоў у сябе на ФБ піша:

«Я ведаю гэтага персанажа 30 гадоў, але нават я быў здзіўлены і ўражаны, наколькі ўсё запушчана, якая карціна Беларусі пануе ў ягонай галаве, калі ён адрываецца ад тэксту і выдае нам «сваё сапраўднае». У гэтай галаве беларуская мова – гэта нешта незразумелае для большасці, нешта як замежнае, у адрозненне ад «нормы» – расейскай мовы».

Яшчэ адно пытанне, якое турбуе грамадскасць, – крыжалом у Курапатах. У часе задавання пытанняў да кіраўніка ад дэпутатаў гэтае пытанне не задалі ні Алена Анісім, ні Ганна Канапацкая – незалежныя дэпутаты (падкрэслю). Сам кіраўнік гаварыў, што трэба разабрацца, хто крыжы ставіў і хто дазваляў.

«Наша грамадзянская супольнасць мусіць сама варушыцца, а ня толькі плакацца, што недзе крыжы знеслі, няма большай у вас праблемы! Вы разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў. Ладна, гэта асобная размова», – сказаў кіраўнік.

А вось хрысціянскі дэмакрат Максім Гацак дадае на ФБ:

«Знос крыжоў – норм, беларускамоўныя білборды – зло, а Царкву трэба рэфармаваць. Сцісла пра выступ Лукашэнкі ў «парламенце».

Спадар Гацак дадае: «Якая краіна, такія і прэзідэнцкія дэбаты. Жэстчайшэ». Журналіст Алесь Пілецкі заўважае, што пасля такога паслання «хоць ты за картай паляка ідзі». А вось анархіст Вячка Касінер выказваецца досыць востра. І не можа зразумець, чаму «нібыта прагрэсіўная частка грамадства штораз глядзіць у рот дыктатуры, спрабуючы абсмактаць кожнае слова». І пытае:

«Няўжо за 25 гадоў не наслухаліся? Ці нехта спадзяецца што зараз выдасць: «Я стаміўся, сыходжу, наступны прэзідэнт Зянон/Статкевіч/іншы на ваш выбар?» А калі не, дык гэта вычварэнства нейкае, слухаць раз за разам маразм ды з захапленнем абмяркоўваць словы, якія іншых людзей, годных, выштурхнулі б на вулічны пратэст».

Размаўляем з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім:

«…Тое, што ён называе «жэстачайшым спросам», ці болей культурна, як сёння прагучала, «дыктатурай тэхналогій» – гэта не спрацоўвае. Ён сам прызнаў, што савецкая сістэма развалілася, і да галечы, як ён сказаў, давялі вялікую імперыю. Дык калі гэтыя адміністрацыйныя метады не працавалі ўжо тады, у 80-я гады, і ў выніку разваліўся Савецкі Саюз, дык цяпер, у 21 стагоддзі, гэта тым болей не спрацуе. А сёння рэформы асабліва патрэбныя нам да зарэзу, бо – для мяне гэта вельмі паказальна – Лукашэнка ніяк не адказаў на пытанне, што мы будзем рабіць у сітуацыі, калі Масква ўзяла за гарляк, патрабуе прасунутай інтэграцыі, а іначай не дамо, маўляў, субсідыяў…»

Працяг размовы – у сюжэце.

Калаж з фота: Maxim Guchek, BelTA / Mikhail Klimentyev, Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum

belsat.eu