У Кіеве судзяць Віктара Януковіча. Завочна


У Кіеве пачаўся суд у справе аб дзяржаўнай здрадзе экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Але на хадайніцтва абароны пасяджэнне перанеслі. Адвакаты просяць забяспечыць іх падабароннаму ўдзел у судзе праз відэасувязь, а таксама абвінавачваюць Генпракуратура Украіны ва ўмяшанні ў працэс. Вайсковая пракуратура патрабуе для Януковіча пажыццёвага зняволення.

«Ці гэта рэальная і абʼектыўная заява абвінавачанага Януковіча, што ён можа і хоча браць удзел у гэтым паседжанні, ці гэта пустыя і беспадстаўныя заявы, накіраваныя на зацягванне працэсу? Я лічу, што на наступных пасяджэннях бок абароны будзе падаваць іншыя хадайніцтвы, якія будуць зацягваць працэс», – кажа вайсковы пракурор Руслан Краўчанка.

Адвакаты Віктара Януковіча заявілі, што на пасяджэнні адбылася перамога правасуддзя над палітыкай. Яны сцвярджаюць, што дзяржаўнай здрады з боку Януковіча не было, а абарона мае паказанні 80-ці сведак з Украіны і Расеі.

«Суд пад каласальным ціскам з боку існай улады. Я думаю, што вы бачылі рэакцыю пракурора – празмерна эмацыйную – на ўжо агучанае рашэнне. Вы бачылі заявы, якія гучалі апошнімі днямі ў медыях», – кажа адвакат Януковіча Віталь Сярдзюк.

Каля будынку суда пратэставалі актывісты грамадзянскага руху «Вольныя людзі». Паводле іх, яны ажыццяўляюць грамадскі кантроль над працэсам Януковіча.

«Не паўстае пытанняў, што Януковіч сапраўды здрадзіў украінскай дзяржаве, што Януковіч сапраўды заклікаў Расею, Крэмль і Пуціна ўвесці войскі ва Украіну. Гэта дзяржаўная здрада. І ад гэтага працэсу ўкраінскае грамадства хоча атрымаць вынік, які б гаварыў пра тое, што Януковіч мусіць несці адказнасць і што ён вінаваты ў тым, у чым яго вінавацяць», – адзначае палітычная аглядальніца Вольга Паповіч.

Пра зварот Януковіча да прэзідэнта Расеі з просьбай увесці войскі, агучаны Расеяй у ААН у 2014 годзе, нагадаў і генпракурор Украіны Юры Луцэнка. Менавіта гэты дакумент зрабіўся падставай для справы. Хоць цяпер у Крамлі сцвярджаюць, што падобнай заявы не было.

«Гэты працэс не толькі аб грамадзяніну Януковічу. Гэты працэс таксама пра яго крамлёўскіх гаспадароў, якія выкарыстоўвалі як фігавы лісток падпісаны Януковічам дакумент для таго, каб акупаваць украінскі Крым, заліць крывёю ўкраінскі Данбас, паспрабаваць паставіць на калені нашую дзяржаву», – падкрэсліў генпракурор Украіны Юры Луцэнка.

Украінскі экс-прэзідэнт цяпер у Расеі, дзе дакладна – невядома. Інтэрпол, які абвясціў яго ў вышук за эканамічныя злачынствы, спыніў дзеянні з-за недапрацовак украінскіх уладаў. Наколькі рэальна будзе прыцягнуць Віктара Януковіча да адказнасці ў выпадку абвінаваўчага прысуду?

«Калі нешта будзе мяняцца ў Расеі, то ва Украіны застанецца больш шанцаў атрымаць Януковіча. Але я думаю, што, безумоўна, гэта будзе складаны і доўгі працэс для Украіны», – кажа Вольга Паповіч.

Генеральная пракуратура Украіны сцвярджае, што працэс можа скончыцца ўжо да жніўня, і хоча прымеркаваць прысуд збегламу прэзідэнту да Дня Незалежнасці Украіны. Працэс адновіцца 18-га траўня.

 

Маша Макарава, Яраслаў Сцешык; фота вокладкі – REUTERS