«У хрысціяніна няма нічога агульнага з бязбожнымі поглядамі БРСМ»


Немагчыма збудаваць добры будынак на гнілых падмурках. Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага касцёла ў Беларусі змясціў адказ святара на пытанне «Ці можа хрысціянін уступіць у БРСМ?» У публікацыі ксёндз Андрэй Радзевіч звяртае ўвагу на тое, што ў статуце гэтай праўладнай арганізацыі напісана, што БРСМ з’яўляецца спадкаемцам Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі – камсамолу, збудаванага на антырэлігійных прынцыпах. Пры гэтым кожны камсамолец, як вядома, мае абавязак рашуча змагацца ў тым ліку з рэлігійнымі забабонамі. Адпаведна вернік уступаць у гэткую арганізацыю не павінен, рэзюмуе святар.

Ксёндз Вячаслаў Барок кажа, што артыкул ксяндза Андрэя Радзевіча ўсіх і здзівіў і лічыць гэта нядобрым знакам.

«Гэта нядобры знак пра нашае грамадства, пра нашую краіну, у нейкім сэнсе і пра наш каталіцкі касцёл. Але цешыць тое, што мы дажыліся да такога моманту, калі ў нас у каталіцкім касцёле страх перад маўчаннем перамагае страх прапаведавання. Каталіцкі касцёл павінен прапаведаваць навучанне Евангелле, але заўсёды паўстае пытанне ці ўжо той момант і ці трэба перамагаць свой страх у гэты момант, каб прапаведаваць слова Бога ў час, калі яшчэ не час».

Ксёндз Барок лічыць, што падзяліўшыся меркаваннем Радзевіча, каталіцкі касцёл тым самым падтрымлівае гэтае выказванне.

«Нічога кепскага ксёндз не сказаў. Лаканічна і мудра, патлумачыў навучанне каталіцкага касцёла… але справа ў тым, што мы спрабуем будаваць нашу будучыню на гэтых гнілых падмурках, незразумелых фундаментах. Нічога добрага ў гэтым не будзе. Калі ты католік і хрысціянін, твае погляды не могуць супадаць з бязбожнымі поглядамі БРСМ».

Жыхары Глыбокага: ці можа хрысциянін уступаць у БРСМ?

«Калі яны сябе лічаць пераемнікамі камсамолу, то гэта не сумяшчальна – быць сябрам БРСМ і хадзіць у царкву».

«Ну можа быць.Чаму не? Мы ж калі ў камсамоле былі, то таксама хрышчоныя былі. І нам ніхто не перашкаджаў».

«Я гэта ўсё не прызнаю. Ля мяне есць бог і крыж святы. А гэтыя камсамолы і камуністы для мяне не існуюць».

«Чаму не? Хрысціянін – заўсёды хрысціянін. Калі не нейкая секта, то можа быць».

«Нічога не магу сказаць. БРСМы гэтыя, я ўвогуле не ведаю, што гэта такое».