У гасцях у Івонкі Сурвілы – старшыні Рады БНР


Упершыню Спадарыня Івонка пагадзілася пусціць да сябе ў рэзідэнцыю нашую камеру, каб крышачку паказаць ейнага штодзённага жыцця.

Гэта дом, які нагадвае музей нацыянальных сімвалаў і гісторыі, карціны самой Старшыні, ейных блізкіх і сяброў, падарункі, кнігі, сувеніры, шматлікія фотаздымкі і ўспаміны. Кожны прадмет – гэта гісторыя ейнага жыцця. Таксама здымкі з гарадка Олд Чэлсі – непадалёк, куды яны хадзілі ў касцёл з сямʼёй, дзе мастацкая галерэя, у якой выстаўляецца самая Спадарыня Івонка.

«– Я хачу паказаць рэчы вельмі мілыя, вельмі цэнныя. У гэтым салоне ёсць і майстэрня, і канцылярыя, і ўсё што хочаш. У майстэрні, апрача маіх рэчаў і абразкоў ёсць абразы майго бацькі, майго мужа і маёй дачкі.

– Сапраўдная галерэя! З гэтых прадметаў складаецца вашае жыццё, па сутнасці.

– Абсалютна. І дзеля гэтага яны ёсць усюды».

На фотаздымках мы бачым агромную колькасць дзяцей. У Беларусі амаль нічога не ведаюць пра фонд «Дзеці Чарнобыля» – 5500 дзяцей прайшло праз гэты фонд. На здымках ёсць і бел-чырвона-белы сцяг, на пытанне, як на яго рэагавалі, Спадарыня Івонка адказвае:

«Ніяк. Яны былі зусім негатовыя да гэтага. То яшчэ ў 91-ым годзе было. Сумна, што пра гэта не кажуць у Беларусі, бо гэта пачалося ў Беларусі. Канадыйцы рабілі гэта дзякуючы беларусам, таму што інакш ані нават не ведалі б пра гэта. Дзеля ўладаў мы мусілі скончыць праграму. Лукашэнка захацеў, каб падпісвалі дагаворы з Канадаю – каб прыслаць сюды дзяцей і каб тутака не заставіць іх. А Канада кажа: «мы не маем ніякага ўплыву на гэта». Ён нам шмат перашкодзіў. Шкада, таму што шмат людзей былі гатовыя далей працаваць на гэта».

Таксама тут на могілках пахаваны ейны муж Янка. На пліце герб «Пагоня», а таксама словы, вядомыя кожнаму беларусу: «Мой родны кут, як ты мне мілы. Забыць цябе не маю сілы». Мы пабачым выбітную постаць Старшыні Рады БНР, пачуем неспадзяваныя гісторыі, перажывем моманты ўрушэння.

Поўнае інтэрв’ю глядзіце ў відэа.

belsat.eu