У гаспадарцы на Гомельшчыне целы жывёлінаў гніюць наўпрост на кароўніку


Хачу працытаваць: «У вёсцы Гусявіца знаходзяцца кароўнікі. Каровы там утрымліваюцца ў гаротным стане: кароўнікі занядбаныя, бруд, а каровы жывуць фактычна ў лайне. Як вынік – падзеж. Аднак там так «гаспадараць», што нават не абцяжарваюць сябе ўтылізацыяй трупаў жывёлаў, а папросту кідаюць у хмызах і нават на заднім двары фермы, там, дзе захоўваецца сена для кармлення. Нават у сене сустракаюцца мёртвыя цяляты. Ісці далей у кушчы было немагчыма, стаяў моцны смурод. Мы налічылі больш за 10 галоваў парэшткаў, пры гэтым былі як «свежыя», гэтак і больш старыя, а таксама косткі. Гэта сведчыць пра тое, што падзеж назіраецца сістэматычна, і што трупы жывёлаў не ўтылізуюць, не адвозяць у скатамагільнік, а проста кідаюць…»

З гэтага апісання, дасланага нашымі калегамі з Гомлю, паўстаў матэрыял, які ўжо зараз і прапаноўваю вашай увазе.

На сувязі са студыяй Андрэй Толчын, журналіст і фрылансер:

«Мы даведаліся аб гэтым з Інтэрнэту, людзі пішуць на форумах, абмяркоўваюць. Гаспадарка «Крыўск» калісьці была паспяховая, а зараз усё выглядае так, быццам прайшла вайна. Матэрыялу было знята шмат, усё ў матэрыял не ўвайшло, калі далей ісці ў гэты хмызняк – гэтых кароў там было яшчэ больш. Смурод стаяў проста невыносны, гэта немагчыма перадаць. Але такія выпадкі сустракаюцца не толькі ў гэтай, але і ў іншых гаспадарках. Уражанне, што прайшла вайна і людзі кудысьці зніклі. […] Я патэлефанаваў у 102, каб прыехала міліцыя, зафіксавала той факт, каб была ўзбуджаная, магчыма, і крымінальная справа. Вінаватыя павінны быць пакараныя. Бо былі выпадкі, калі нават на нашых вачах зарывалі гэтых жывёлаў, а потым ідыёлагі ўсміхаліся нам у твар і казалі, што тут нічога няма…»

Працяг размовы – у сюжэце.