У Ганцавіцкім прытулку падлетак здзейсніў спробу суіцыду


У Ганцавіцкім прытулку падлетак здзейсніў спробу суіцыду / Маю права

У Ганцавічах у сацыяльным прытулку 12-гадовы падлетак спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Высвятленнем акалічнасцяў цяпер займаецца Следчы камітэт. Выхавальнікі кажуць, што ў хлопчыка гэтым днём быў добры настрой, да яго прыязджалі бацькі, і ніякіх знакаў бяды не было. Загадчыца кажа, што ў прытулку хлопчык і ягоныя браты ды сёстры апынуліся праз алкагалізм бацькоў. Таму на камісіі ў справах няпоўнагадовых пастанавілі, што дзецям патрэбная дзяржаўная абарона. Бацькі ж сцвярджаюць, што дзяцей у іх забралі з іншых прычынаў.

Зацяжарыла – зрабілася ўтрыманкаю… Падаткавікі ўпарта працягваюць дасылаць «лісты шчасця»

Алена Данько пачала працаваць яшчэ тады, як была студэнткаю БДУ, і самастойна аплачвала сваё навучанне. У працоўнай кніжцы пазначана, што жанчына працавала ў дзіцячым садку, школе і ВНУ, нават мае падзякі «За добрасумленную працу». Пры канцы года спадарыня Алена, як і тысячы іншых беларусаў, атрымала ліст з падатковай, што павінна аплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў – 360 рублёў. На момант прыняцця Дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» жанчына была цяжарнаю. Цяпер адна гадуе дачку і атрымоўвае на гэта 260 рублёў дзяржаўнае дапамогі. Іншых крыніцаў прыбытку Алена не мае.

Праца над памылкамі… Якімі пастановамі ўладаў не задаволеныя грамадзяне

Падаткавая скіравала беларусам каля 400 тысяч «лістоў шчасця» з патрабаваннем заплаціць падатак на ўтрыманства. Людзі адмаўляюцца плаціць і лічаць Дэкрэт № 3 антыканстытуцыйным. Мы запыталіся ў менчукоў: якія яшчэ памылкі ўладаў яны могуць прыгадаць?

Мілая, але са стрыжнем… У рубрыцы «Партрэт праваабаронцы» – пра Людмілу Гразнову

Людміла Гразнова – дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га склікання. У 1996 годзе яна ўваходзіла ў групу дэпутатаў, якія ініцыявалі імпічмент кіраўніку краіны. Як сёння, праз 21 год пасля спробы адхіліць Лукашэнку ад улады, спадарыня Людміла ацэньвае свае тагачасныя дзеянні? Ці можна эфектыўна займацца палітыкаю, знаходзячыся па-за парламенцкаю трыбунаю? І чаму спадарыня Людміла намерылася адмовіцца ад праваабарончае дзейнасці? Глядзіце ў нашай рубрыцы «Партрэт праваабаронцы».

І не зносяць, і не рамантуюць… Праз старыя камунікацыі менскую кватэру заліло кіпенем

Менскія двухпавярховікі дзесяцігоддзямі чакаюць законнага зносу. Таму жыхары гэтых дамоў вымушаныя рабіць рамонт у кватэрах на ўласны страх і рызыку. Нашая гераіня, Іна Філатава, адкінуўшы перасцярогі, перад святамі зрабіла касметычны рамонт. А ў калядную ноч, калі ўсе паклаліся спаць, са столі лінуў кіпень. Высветлілася, што ў суседа зверху прарвала батарэю ацяплення. Званкі на нумар 115 і ў аварыйную службу плёну на далі. Толькі пад раніцу працаўнікі МНС узялі аварыю ў доме на Сямёнава пад кантроль. Жыхары дому даўно наракаюць на яго стан, але камунальнікі кажуць, што рамантаваць будынак немэтазгодна, бо яго маюць знесці. Праўда, знос адкладаюць ужо 20 гадоў.