У дзяржавы няма варыянтаў: нацыянальныя сімвалы стануць агульнымі


Запыт на нацыянальнае – даніна модзе, мэйнстрым, вынік метадычнай працы? Рэкламіст Зміцер Вайноўскі ўпэўнены, што перш за ўсё жаданне падкрэсліць сваю нацыянальную адметнасць, звязанае з жаданнем не быць асіміляванымі, знікнуць сярод іншых падобных.

Ёсць усе шанцы на тое, што беларускія сімвалы з цягам часу будуць рабіцца ўсе больш папулярныя. Вышыванка і Дзень Волі – яркія сведчанні такой трансфармацыі. Яшчэ дзесяць гадоў таму за вышыванкаю хаваўся зусім іншы сэнс. Падобнае адбываецца сёння і з Днём Волі.

«Сучасная беларуская дзяржаўнасць пабудаваная на выключна савецкіх сімвалах, якія не працуюць на вялікія аўдыторыі, моладзевыя аўдыторыі. Яны працуюць на […] больш сталы ўзрост, бо для іх прыналежнасць да нейкага этнасу – гэта прыналежнасць да савецкага «этнасу», умоўна кажучы. Для моладзі гэта не працуе, яна прагне іншых сімвалаў. І БНР у гэты момант якраз такі адказ на гэты запыт», – выказаўся госць праграмы «Размова Мацкевіча».

Зміцер Вайноўскі падкрэсліў, што сёння святкаванне Дня Волі адлюстроўвае адразу некалькі важных працэсаў. І тое, што грошы збіраюць звычайныя людзі, і тое, што людзі фарміруюць новыя традыцыі, сведчыць пра запыт грамадства на ўласныя культурныя і нацыянальныя брэнды.

Чаму савецкія сімвалы згубілі ўсе сэнсы і каго сёння называюць «грантасосамі»? Падрабязнасці ў «Размове Мацкевіча».