Гарачы каментар У Берасці будуюць элітныя дамы на месцы масавых расстрэлаў


У цэнтры Берасця, на месцы будаўніцтва элітных шматпавярховых дамоў, выявілі масавае пахаванне часоў Другой сусветнай вайны. На гэтай тэрыторыі размяшчаліся гэтак званыя «расстрэльныя двары», дзе ў кастрычніку 1942-га года масава знішчалі габрэяў. Нягледзячы на заявы ўладаў, што будоўля спыненая – насамрэч яна ідзе поўным ходам. З падрабязнасцямі – Ганна Мордань.

На гэтым месцы пачалося маштабнае будаўніцтва, хоць пра масавыя расстрэлы на тэрыторыі былога гета ведаюць нават асобы, датычныя да пабудовы шматпавярховікаў. Прараб работаў:

«Тут вельмі вялікае пахаванне. Канкрэтыкі не ведаю, колькі тут было. У 75 годзе з-пад гэтага дому вывезлі 500 парэшткаў, у 65. І гэта ўсё ёсць у выканкаме».

Квартал, абмежаваны вуліцамі Савецкая, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава, пастанавілі зруйнаваць і мадэрнізаваць ужо ў 2012-м годзе, нягледзячы на гістарычнае мінулае гэтага месца.

«У 1942 годзе, пасля ліквідацыі гета нацыстамі, у розны час усё яшчэ на тэрыторыі гета выяўляліся людзі. І іх беспасярэдне тут – на вось гэтым прыблізна месцы – расстрэльвалі і тут жа хавалі», – кажа Іван Чайчыц, берасцейскі краязнаўца.

Апроч будаўнікоў, зямлю раскопваюць тут вайскоўцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёну Міністэрства абароны. Ужо знойдзеныя парэшткі некалькіх дзясяткаў чалавек, якія ляжалі ў яме на глыбіні каля паўтара метра. Эксперты пацвердзілі, што парэшткам больш за 50 гадоў.

«Нельга на гэтым месцы нешта будаваць. Павінная быць… нейкі помнік паставіць, у гонар памяці. І сквер».

«Там усё ж такі павіннае быць нешта такое… Няхай пляцоўка або скверык маленькі. Але дом – не пажадана».

«Тое, што былі тут расстрэлы, мне мае бабуля, дзядуля… яны вельмі часта ўспаміналі час вайны. Я лічу, што гэта вельмі нават няправільна. Я не ведаю, куды глядзяць улады, як яны думаюць і што яны разумеюць», – гавораць жыхары Берасця.

77 гадоў таму ў дварах гета на гэтым участку нацысты расстралялі каля пяці тысячаў габрэяў.

«І калі б яны ўзялі пробы, а там пахаванні ёсць, былі – зараз можам сказаць – і будуць, пра гэта ў горадзе старажылы ўсе ведаюць. Я ўжо старажыл, я з пяці гадоў ведаю, што там былі пахаванні», – тлумачыць Ірына Лаўроўская, доктар мастацтвазнаўства.

Абласная берасцейская газета паведамляе, што ўлады адмовілі ў заключэнні дадатковага пагаднення да інвестыцыйнай дамовы аб рэалізацыі праекту. Нягледзячы на гэта будаўнічыя працы працягваюцца. Будаўніцтва на месцы масавага пахавання супярэчыць закону і чалавечай маралі, кажа ініцыятарка петыцыі з заклікам забараніць будаўніцтва на габрэйскіх касцях. Гаворыць Ірына Лаўроўская:

«З аднаго боку гэта прадугледжвае гісторыя, якая цягнецца ўжо столькі гадоў, а другое – гэта нашая павага, нашае сумленне да тых людзей, да нашых з вамі землякоў, якія былі расстраляныя тут у Берасці».

Петыцыю накіраваную Савету Міністраў, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Берасцейскаму гарвыканкаму можна падпісаць на сайце petitions.by.

Падрабязней гэтую праблему абмяркуем з архітэктаркай Ірынай Лаўроўскай:

«Адносна этыкі – гэта неэтычна. А адносна заканадаўства – не стасуецца тут будаваць. Трэба спачатку вывучыць зямлю, ведаць, і планаваць так, каб на такія непрыемныя сітуацыі не трапляць. Трэба было спачатку сур’ёзна падысці да гэтай тэрыторыі. У мінулым дзесяцігоддзі тэрытарыяльнае планаванне ў нашым горадзе пачалося з моцнага парушэння заканадаўства. Гэта праблемы звязаныя з тым, што без погляду на закон даваўся дазвол на забудовы. Я прыгадваю, толькі некалькі гадоў таму таксама сітуацыю з калоніяй Варубга (таксама калонія жыдоўская была). Улады папросту ігнаруюць заканадаўства, ігнаруюць правілы правядзення будаўнічых прац. На такіх месцах нельга рабіць забудову нейкую, бо трэба разумець, што гэта месца масавых расстрэлаў! Месца, дзе былі расстраляныя, пацярпелі вялікая колькасць людзей. Аб якой можна гаварыць будоўлі на гэтым месцы я не разумею!»

Што рабіць, калі пры пабудове нейкага дому ці іншага аб‘екту знаходзяць месца масавага пахавання людзей, напрыклад, расстрэлу часоў Другое сусветнае вайны? Перапахаваць і будаваць далей? Ці лепш ушанаваць гэтае месца, а аб’ект будаваць у іншым месцы? Пра гэты мы пацікавіліся ў жыхароў сталіцы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары