Каманда ток-шоу «Кожны з нас» знайшла меркаваных сваякоў кіраўніка паўстання.
https://belsat.eu/news/magila-u-svislachy-akazalasya-pahavannem-nevyadomaj-asoby-a-ne-viktara-kalinouskaga/
У студзені 1958 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» напісалі, што нашчадкі Каліноўскага жывуць у вёсцы Навозы, што каля Жлобіну. На вясковых могілках пахаваны найстарэйшы з мясцовых Каліноўскіх – Абрагам. Паводле «Літаратуры і мастацтва», ён – родны дзядзька Кастуся Каліноўскага.
Сучасныя нашчадкі Каліноўскага таксама жывуць у Беларусі. Юлія Кузьміцкая – прапрапраўнучка Абрагама Каліноўскага. На вывучэнне свайго радаводу яе натхніла бабуля – Станіслава Каліноўская-Мышанкова, якая была Абрагаму праўнучкай.
У часы Другой сусветнай вайны Станіслава Каліноўская-Мышанкова трапіла ў канцлагер, а пасля вызвалення ўдзельнічала ў Нюрнбэргскім працэсе ў якасці перакладчыцы.
«Яна заўсёды вельмі перажывала, яна казала: «Так шкада, яму 26 гадоў, ён пайшоў на смерць». Часамі мне падавалася, што вось гэты дух бунтарства такі прысутнічае. Вось я штосьці казала, а яна мне: «Ты што! Раней за свабоду на плаху ішлі», – узгадвае спадарыня Юлія.
https://belsat.eu/news/pomnik-kalinouskamu-u-mensku-ne-stavyats-bo-suprats-1-chalavek/
У сям’і ходзіць легенда, што ў XIX стагоддзі Каліноўскія вырашылі выкупіць дакументы, якія б пацвердзілі іхнае дваранства. Яны сабралі грошы і адправілі ў горад Ігналя Каліноўскага выкупаць даведку. У горадзе Ігналь спаткаў Кастуся Каліноўскага. Падчас размовы Кастусь сказаў: «Не займайся глупствамі. Дваранаў хутка не будзе, а грошы гэтыя лепей выдаткуй на адукацыю дзяцей».
Такія рэчы насамрэч маглі прагучаць ад Каліноўскага. Гісторык Уладзімір Арлоў пісаў, што, «слухаючы перад смерцю прысуд, у якім кіраўнік паўстанцаў быў названы «дворянином Калиновским», ён выгукнуў: «У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя!»
Яшчэ аднаго меркаванага сваяка Кастуся Каліноўскага ўдалося знайсці ў Мазыры.
Станіслаў Каліноўскі – прапраўнук Абрагама Каліноўскага. Ужо 15 гадоў ён займаецца вывучэннем свайго роду. Станіслаў высветліў, што Абрагам Каліноўскі ў свой час пераехаў у вёску Навозы з Рэплі. Вядома, што бацька Кастуся Каліноўскага нарадзіўся менавіта ў Рэплі.
«Насіць такое прозвішча ў цяперашнія часы – гэта і гонар і адказнасць. Я спадзяюся, што нашае сваяцтва пацвердзіцца, бо цяпер даследчыкі праводзяць вялікую працу. Калі пабралася шлюбам, я не змяніла прозвішча і засталася Каліноўскай», – кажа дачка Станіслава Марына Каліноўская.
Верагодна, што сваякоў Кастуся Каліноўскага можа быць вельмі шмат. У Каліноўскіх было вельмі шмат дзяцей. Толькі ў бацькі Кастуся Сымона іх было 25!
Хто яшчэ звязвае свой род з прозвішчам Каліноўскага? Кім былі паплечнікі кіраўніка паўстання? Ці варта ствараць у Беларусі свой Пантэон нацыянальных герояў? Пра ўсё гэта глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.