Суб'ектыў У Беларусі з’явіцца мора. NEXTA на Белсаце


Беларусь (о, дзіва!) атрымае доступ да мора, а абяцанні кіраўніка краіны ўрэшце пачалі спраўджвацца. Сакрэты гэтых ды іншых неспадзяванак раскрые наш традыцыйны агляд.

Лукашэнка задумаў вывесці Беларусь да мора з дапамогаю Латвіі.

«Трэба зрабіць так, каб гэтая рэспубліка, груба кажучы, асалоду атрымлівала ад супрацы з Беларуссю. Мы людзі прыстойныя, абавязковыя. Яны гэта ведаюць», – заявіў Лукашэнка.

Такім чынам для беларускіх крэветак можа адкрыцца новы шаўковы шлях – не з Менскага, а з Балтыйскага мора.

«Калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, то трэба рабіць упор на Латвію», – дадаў кіраўнік краіны.

На гэтым тыдні (хоць і з вялікім спазненнем) пачалі выконвацца некаторыя іншыя абяцанні Лукашэнкі, які аднойчы «жэстачайшэ» паведаміў, што не павядзе «сваю дзяржаву за цывілізаваным светам».

Гэтак, Беларусь не ўвайшла ў топ-50 цывілізаваных краінаў ААН. Мы ветліва саступілі месцы ў рэйтынгу амаль усім сваім суседзям і абвесцілі самым стабільным нумар 53. Гэта паміж Румыніяй і Багамамі. Ані даходы, ані працягласць жыцця ў нас яшчэ далёка не дацягвае да Нігеру, які 189-ты. Наверх, у цывілізацыю, Беларусь цягне агульная працягласць адукацыі ў краіне.

Падняць беларускі народ Лукашэнка хоча, між іншага, з дапамогаю музыкі.

«Адчуваю, што настаў такі перыяд, што калі мы яго прашлёпаем, то ніколі не дагонім. І нашая нацыя з музычнай, разумнай, таленавітай ператворыцца ў заняпалых людзей», – заявіў Лукашэнка.

«Трэба падставіць ім плячо, трэба падставіць ім рукі, каб яны не ўпалі ва ўзроўні», – дадаў Лукашэнка.

Менавіта падставіць рукі, а не залезці імі ў кішэню. Лукашэнка патрабуе наладзіць у Беларусі вытворчасць балалаек і домраў. Высвятляецца, што на ўсю краіну ёсць толькі адзін майстар, які ўмее рабіць балалайкі. Ён жыве ў Пінску і вырабляе каля 10-ці інструментаў за год. Кіраўнік краіны загадаў павялічыць колькасць у дзесяць разоў.

Глядзі таксама
Каментары