«У Беларусі няма нафты, наўрад ці ён ведае добра нашую краіну». Кавалеўскі пра Рэкса Тылерсана


Новаабраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп высунуў на пасаду дзяржаўнага сакратара Рэкса Тылерсана, які ўзначальвае нафтавую кампанію «ЭксанМобіл» (і сябруе з Пуціным). Ён, паводле Трампа, валодае неабходным досведам у сферы бізнесу. Але ці ў дыпламатыі? У эфіры «Белсату» разважае Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Навошта Трампу патрэбны Тылерсан? Гэта палітыка ці бізнес?

Трэба сказаць, што кандыдатура Рэкса Тылерсана добра спалучаецца з агульным падыходам Трампа, які падбірае сабе людзей ці то з вайскоўцаў, ці то з бізнес-лідараў, ці то з ліку апанентаў ягоных канкурэнтаў па Рэспубліканскай партыі на прэзідэнцкіх выбарах.

Трамп падкрэслівае, што набірае людзей не з істэблішменту. Але ці не атрымоўваецца так, што ён набірае багацеяў і зусім не шараговых адмыслоўцаў?

Тылерсан адносіцца да вельмі багатых людзей, але назваць яго часткаю істэблішменту нельга. Ён прайшоў шлях ад інжынера да кіраўніка кампаніі, але да Вашынгтону, хоць ён з ім канкуруе, Тылерсан дачынення не мае. Гэта, сапраўды, вельмі новы чалавек для амерыканскага ўраду.

Глядзіце размову Сяргея Падсасоннага з Валерам Кавалеўскім у «Гарачым каментары»