У Беларусі абмежавалі продаж медыкаментаў


Не больш за 40 таблетак парацэтамолу, 10 масак ды 5 параў пальчатак у адныя рукі. Міністэрства аховы здароўя ўвяло абмежаванні на продаж у аптэках медыкаментаў і сродкаў індывідуальнай абароны. Дакумент з адпаведнаю пастановай апублікаваў у сваім тэлеграм-канале журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч. Абмежаванні на продаж будуць дзеяць з сённяшняга дня да 1 ліпеня.

Бясплатная абарона

Тым часам прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган увёў забарону на продаж насельніцтву медычных масак унутры краіны. На рашэнне ўладаў іх будуць раздаваць бясплатна. У 80 мільённай Турцыі выяўлена 42 тысячы інфікаваных каронавірусам. 908 асобаў памерлі. Афіцыйная Анкара паведамляе, што кожныа дзень у Турцыі робяць больш за 20 тысяч тэстаў.

Каранцін (не) для ўсіх

Абавязак заставацца ў каранціне ёсць, але не ўсе яго выконваюць. Сталічны 6 інтэрнат БНТУ закрылі з прычыны пацверджанай каронавіруснай інфекцыі ў адной са студэнтак. Але ў тэлеграм-канале «Сидим дома с Пушкиным!» апублікаванае відэа, як чалавек выходзіць на вуліцу праз акно. Такое здараецца і ў іншых краінах. Днямі медыкі былі вымушаныя лавіць пацыента, заражанага каронавірусам, у расейскім горадзе Арзамас.

Смерць кампазітара

У Вялікай Брытаніі ад каронавіруснай інфекцыі памёр кампазітар і паэт, нарадзінец Менску Дзмітрый Смірноў. Сябра Саюзу кампазітараў СССР эміграваў на Туманны Альбіён у 1991 годзе, там працягваў займацца музыкаю ды паэзіяй. Выкладаў у шэрагу брытанскіх універсітэтаў. Стаяў ля вытокаў другой Асацыяцыі сучаснае музыкі. Аўтар операў паводле твораў англійскага класіка Ўільяма Блэйка. Творы Смірнова выконвалі вядомыя дырыжоры з дзясятка краінаў свету. Перакладаў паэзію Блэйка з арыгіналу на расейскую і Лермантава – на ангельскую мову.

belsat.eu

Калаж з фота: Nikolsky Alexei / TASS