У 2020 годзе сабралі ўсе магчымыя крызісы


Наколькі не шанцавала беларускай эканоміцы ў 2020 годзе? Трэба было сапраўды пастарацца, каб проста супала столькі негатыўных тэндэнцый. Ці можна спадзявацца, што пасля Новага года гэты нешанцунак скончыцца і ў беларускай гаспадарцы нарэшце ўсё наладзіцца? Высвятляем у праграме «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым».

У 2020 годзе Беларусь сабрала, напэўна, усе крызісы, якія толькі можна сабе ўявіць. І палітычны, і эканамічны, і сацыяльны, лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Важнымі былі нават не гэтыя форс-мажорныя падзеі, гэтыя чорныя лебедзі, якія зваліліся на беларускую эканоміку, колькі тое, як на іх рэагавалі ўлады. (…) Паводле стратаў цяпер сітуацыя такая, што прадпрыемствы дзяржаўныя, якія калісьці нават уваходзілі ў топ прыбытковых, цяпер ужо адтуль вывальваюцца. Той жа БелАЗ, які мае за апошнія 5 гадоў горшыя паказнікі з моманту папярэдняга крызісу. Прыбытак, калі параўноўваць год да года, упаў у 14 разоў. У тры разы скараціўся прыбытак Менскага трактарнага заводу. Усе яны губляюць свае рынкі збыту, у тым ліку ў Расеі. Памеры складскіх запасаў не проста рэкордныя з моманту папярэдняга крызісу, яны абсалютна рэкордныя. 69 адсоткаў сярэднямесячнага выпуску знаходзіцца на складах прамысловае прадукцыі».

Наколькі ж павінна быць дрэнная ацэнка сітуацыі ў эканоміцы, што ўлады пачынаюць глядзець ва ўсе бакі, каб знайсці крыніцы для новых падаткаў?

«Спрабуюць знайсці хоць нейкія сродкі. Дзе можна часова павысіць падаткі. Нейкія зборы ўвесці, напрыклад, як гэты збор на выезд з краіны. Я спрабаваў знайсці нейкі гістарычны аналаг гэтаму. Прыгадаў толькі нацысцкую Нямеччыну. У іх быў падатак на выезд габрэяў з краіны. Больш я не ўспомніў, калі б бралі грошы за права выезду», – дадае эканаміст.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым»:

  • Да чаго прывядзе выезд «супер-мігрантаў»?
  • Чаму вакцына «Спутник» не дапаможа стварыць калектыўны імунітэт?
  • Ці ёсць пазітыўны эканамічны прагноз на 2021 год?

Belsat.eu