Гарачы каментар У 2019 годзе беларусаў аштрафуюць на 100 мільёнаў рублёў


Дзяржава па-сапраўднаму «клапоціцца» пра беларусаў – урад прыняў бюджэт на гэты год, у якім закладзеныя не толькі сярэднія заробкі ды пенсіі, але і… штрафы. У 2019-м беларусаў аштрафуюць ажно на 100 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што кожны з нас, улічваючы немаўлят, у сярэднім заплоціць дзяржаве больш за 10 рублёў са сваёй кішэні «за правіннасці». Пра гэткае вынаходніцтва ўладаў паразмаўляем з праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам:

«Дзяржава спадзяецца, што нашыя грамадзяне будуць часцей парушаць закон. Гэта практычна 70 адсоткаў насельніцтва, якія ўжо размеркаваныя дзяржавай у тых, якія павінныя разам з дармаедамі папаўняць бюджэт. У гэтым годзе мы не надта адрозніваемся ад мінулага году – 131 мільён запланаваны на штрафы. Але гэта самое з сябе дастаткова дзіўна, таму што або дзяржава адмаўляецца ад прафілактыкі правапарушэнняў і планамерна гатовая чакаць, пакуль гэтыя парушэнні з’явяцца, каб людзей аштрафаваць, або дзяржава дакладна разумее, што бюджэт не празрысты і не гатовы адпавядаць тым патрабаванням эканомікі, якая будзе ў 2019 годзе, а значыць, трэба сябе забяспечыць…»

Як пацверджанне працы ўладаў у гэтым кірунку – затрыманне нашых калегаў Вольгі Чайчыц і Сяргея Краўчука, якіх, імаверна, чакае суд і чарговы штраф. Журналісты былі на прэс-канферэнцыі, скліканай з нагоды таго, што работнікі лясгасу дэмантавалі крыж памяці літоўцам, забітым у Курапатах. На актывістаў Юрася Беленькага і Валерыя Буйвала, якія ўсталёўвалі адноўлены крыж, склалі пратаколы за парушэнне парадку працаў на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці. Журналістка Вольга Чайчыц вяла стрым затрымання. Фрагменты – вашай увазе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары