Тысячы беларусаў зарабляюць у месяц 1 рубель


Менавіта столькі за месяц можна зарабіць на фізічна цяжкай працы ў беларускіх калоніях. І гэта толькі адна з формаў здзеку з тых, хто адбывае пакаранне, упэўненыя праваабаронцы.

Больш за 32 тысячы чалавек у Беларусі сёння ў той або іншай ступені сутыкаюцца з парушэннямі сваіх правоў у месцах пазбаўлення волі. Рана ці позна ўсе яны выйдуць на волю, дзе мусяць пачынаць новае жыццё. Прыстасавацца пакуль удаецца адзінкам, зазначае госця праграмы «Размова дня» кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру і аўтарка інфармацыйнай кампаніі «Вернем чалавека», скіраванай на дапамогу былым зняволеным, Раіса Міхайлоўская.

У 2013 годзе Юліі Ч. атрымала восем гадоў пазбаўлення волі паводле «наркатычнага» артыкулу. Сёння маладая жанчына правяла за кратамі больш за палову тэрміну, асвоіла прафесію швачкі, не мае парушэнняў і заўваг і ўжо тры гады таму магла б прэтэндаваць на датэрміновае вызваленне. Але Юлія не можа пакінуць папраўчую ўстанову датэрмінова, бо не мае ліста з прадпрыемства, якое пагадзілася б прыняць яе на працу да вызвалення. Праваабаронца і кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская адзначае, што Юлія напісала больш за трыццаць лістоў. На большасць не атрымала адказаў. Пакуль на руках няма гарантыйнага ліста ад працадаўцы, жанчына застаецца за кратамі.

«Мы вельмі спадзяемся, што знойдзецца арганізацыя, якая зможа дапамагчы Юліі. Мы ў Беларускім дакументацыйным цэнтры гатовыя трымаць сувязь з тымі, хто можа вырашыць гэтае пытанне», – зазначае спадарыня Міхайлоўская.

Выпадак Юліі не адзінкавы і не самы горшы, прызнае праваабаронца. На жаль, пенітэнцыярная сістэма Беларусі застаецца закрытай для журналістаў і праваабаронцаў, а таму паўплываць на тое, што там адбываецца, амаль не магчыма.

У праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам Раіса Міхайлоўская распавядае пра катаванні, здзекі ды рабскую працу ў беларускіх месцах пазбаўлення волі і спробах выправіць гэта з дапамогаю інфармацыйнай кампаніі «Вярнуць чалавека».

Глядзіце поўную версію размовы:

Ілюстрацыйныя здымкі – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum; Віктар Драчоў/ТАСС/Forum