Тут прымірыліся камуністы і нацыяналісты


Вайсковыя могілкі ў Менску – месца супакаення беларусаў, якія па-рознаму пераадолелі супярэчлівасць паміж камуністычным і нацыянальным кірункам развіцця Беларусі. Многія з іх заплацілі за гэта сваім жыццём. Чаму і як памерлі гэтыя людзі – у новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

На Вайсковых могілках спачываюць Якуб Колас і Янка Купала. Паэт Рыгор Семашкевіч назваў іх «маршаламі нацыі». Янка Купала спачатку быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Які быў ягоны шлях на радзіму? Хто з «маршалаў нацыі» яшчэ застаецца на чужыне?

На Вайсковых могілках супакоіліся і нацыянал-камуністы Усевалад Ігнатоўскі ды Аляксандр Чарвякоў. Пры жыцці яны спрабавалі дбаць аб інтарэсах беларускага народу і ажыццяўляць лінію Камуністычнай партыі. Ці атрымалася гэты ў іх? І як ставіцца да кампазітара Нестара Сакалоўскага і паэта Міхася Клімковіча – аўтараў гімну БССР, у якім славіўся Іосіф Сталін?

Рут Ўолер рэпрэзентавала ў БССР арганізацыю краінаў антыгітлераўскай кааліцыі ЮНРРА. Гэтая арганізацыя дапамагала звычайным людзям пасля вайны харчамі, медыкаментамі ды вопраткай. Пастаўлялася і абсталяванне для прамысловасці. Рут гераічна загінула, калі ёй было 25 гадоў. Які ўнёсак зрабіла яна і ЮНРРА ў пасляваеннае адбудоўванне Беларусі?

Вартая ўвагі і гісторыя саміх могілак, выратаваных ад супярэчлівага добраўпарадкавання валанцёрамі. Валанцёрскую кампанію ініцыяваў Павел Каралёў.

Гісторык Аляксандр Краўцэвіч і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі наведалі Вайсковыя могілкі і абмеркавалі лёс людзей, якія спачываюць там.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.