Тут быў адзін з першых касцёлаў у ВКЛ: «Ад гукаў аргана разлятаюцца злыя духі»


Беларуская патрыётка купіла хату бліжэй касцёла, каб быць арганісткай і служыць людзям. Шчырая аматарка беларускай мовы сама піша музыку і вершы ды выдае зборнікі за ўласныя грошы. У яе ў гасцях у вёсцы Вішнева (Валожынскі раён Менскай вобласці) пабывала праграма «Вяскоўцы».

Спадарыня Марыя Трапашка блізу трох дзясяткаў гадоў была выкладчыцай музыкі, настаўніцай беларускай і расейскай моваў. У пачатку 1990-ых гадоў лёс звёў яе з легендарным ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, адным з першых святароў, які пачаў адпраўляць набажэнствы па-беларуску. Па ягонай просьбе спадарыня Марыя ўключылася ў працу, каб на беларускамоўных імшах гучалі беларускія спевы.

Дагэтуль спадарыня Марыя грае на аргане ў вясковым касцёле, кіруе невялічкім хорам, сама складае песні ды выдае кнігі. Гераіня праграмы «Вяскоўцы» радуецца, што можа быць карыснай людзям і падкрэслівае, што гукі аргана разганяюць злых духаў.

Жыццё, побыт і праца вясковай арганісткі з Вішнева, у якім быў пабудаваны адзін з першых касцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскіх, – глядзіце ў новым выданні «Вяскоўцаў».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.