«Цукровых босаў» пасадзілі. Што будзе з цукрам?


Сёлета ў краіне арыштавалі ўсіх дырэктараў цукровых заводаў. Пакуль сілавікі і чыноўнікі разбіраюцца, хто, каму і ці даваў наагул хабары, каб ішоў продаж цукру, простыя людзі цікавяцца, як справа адаб’ецца на іх. Разбіраемся: патаннее цукар ці наагул знікне з крамаў?

Некалькі месяцаў запар цукар у беларускіх крамах каштуе не танней за паўтара рубля. А гэты ж самы пачак у Расеі каштуе амаль у два разы танней.

«У Беларусі такога яшчэ не было. Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве «пракладку», гандлёвы дом. Звычайная «пракладка». Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку», – заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
КДБ прадэманстраваў, як дырэктары цукровых прадпрыемстваў бралі грошы
2020.02.05 11:08

У Беларусі чатыры цукровыя заводы. Усе яны кантралююцца дзяржавай. Вытворчасць складае каля 640 000 тон на год. Палову мы спажываем унутры краіны, другую разлічвалі рэалізоўваць пераважна на расейскім рынку. Але беларускія чыноўнікі, якія аддавалі загад нарошчваць аб’ёмы вытворчасці цукру, не пралічылі, што і суседняя краіна можа сутыкнуцца з яго перавытворчасцю. І беларускі цукар ёй зробіцца не патрэбны.

«Што рабіць нашым вытворцам? Цукар выраблены, яго трэба неяк рэалізаваць. У Расеі цана ўпала. І калі везлі цукар у Расею, прадавалі за кошты, у два разы ніжэйшыя за сабекошт цукровых буракоў», – кажа Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Гэтак з’явіўся танны беларускі цукар на паліцах расейскіх крамаў. І дарагі – на айчынных. Міністэрства антыманапольнага кіравання забараніла прадаваць насельніцтву кілаграм танней за паўтара рубля. Гэтак дзяржава абараніла рынак ад канкурэнтаў з суседніх краінаў і дала магчымасць цукровай галіне зарабіць на суайчынніках.

«Супраць беларускіх спажыўцоў цукру выступае беларускі ўрад, наменклатурнікі і сілавыя структуры, якім вельмі добра жывецца за кошт таго, што мы пераплачваем за цукар у два разы», – сцвярджае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Hавiны
«Цукровая справа»: як выглядае расейскі след
2020.02.13 16:12

Цукар можа каштаваць танней – калі дзяржава скасуе штучнае рэгуляванне коштаў. Але тады беларускі прадукт не зможа канкураваць з таварам суседніх краінаў, у якіх вытворчасць цукру – больш танны працэс.

«Цана дастаткова вялікая, каб не набываць яго шмат. Цукар у сённяшняй сітуацыі набываюць, умоўна кажучы, «на чай». Калі гэты кошт знізіць, досвед паказвае, што рэалізацыя павышаецца значна, прыблізна ў два разы», – кажа Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

«Дзяржава зноўку возьмецца за сваё»

Елізавета – аматарка хатняй выпечкі. Цукар на яе кухні – ледзь не самы запатрабаваны прадукт. Высокая цана на яго асабліва адчуваецца летам, калі надыходзіць сезон нарыхтовак.

«Калі ты варэнне робіш, тады ты асабліва адчуваеш ягоны кошт, бо яго трэба больш, кілаграм, і два, і дзесяць. Тады ты яго (кошт) асабліва адчуваеш», – кажа Елізавета, аматарка хатняй выпечкі.

Агульныя страты беларускіх цукровых заводаў за мінулы год склалі 200 мільёнаў рублёў. Калі раздзяліць гэтую лічбу на ўсіх беларусаў, нават немаўлят і пенсіянераў, атрымаецца каля 22 рублёў на кожнага. І дзяржава вымушае нас кампенсаваць гэтыя грошы.

«Калі будзе больш канкурэнцыі, канкурэнцыі паміж беларускімі вытворцамі і расейскімі. Безумоўна, цана на цукар будзе на 30 і 50 адсоткаў ніжэйшая. Канкурэнцыя заўжды прыводзіць да іншай мадэлі фармавання коштаў, да канкурэнцыі, да таго, што беларусы будуць набываць больш якасны тавар», – кажа Яраслаў Раманчук, эканаміст.

Асабісты капітал
Парады на кожны дзень: як плаціць у краме ўдвая менш
2020.02.10 19:05

Інфармацыі аб цукровай справе на гэты момант не шмат. Вядома толькі, што супраць удзельнікаў заведзеныя крымінальныя справы за атрыманне і даванне хабару.

«Цяпер можна ўявіць, што з палітычнымі мэтамі яны панізяцца на нейкі час. Потым пройдуць прэзідэнцкія выбары, і нікуды гэтыя кошты не падзенуцца, дзяржава зноўку возьмецца за сваё», – лічыць Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Парадокс: у краіне – перавытворчасць цукру, а таннага прадукту для насельніцтва няма. Заводы нясуць страты – але прадаюць у Расею прадукт танней за сабекошт, а суайчыннікам – цэны завышаныя. Як сцвярджаюць адмыслоўцы, гэта вынік адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай. Хіба, якую мы аплачваем са сваіх кішэняў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Чаму гінуць новаствораныя бізнесы?
  • Хто можа згубіць працоўнае месца праз хваробу
  • Як працуе беларускамоўны бізнес, арыентаваны на маленькіх дзяцей

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».