Цуды нашай эканомікі: заробкі растуць, беларусы бяднеюць


Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе дзяржаўную статыстыку. Заробкі беларусаў ізноў выраслі, але ці сталі мы жыць лепш?

Айчынная статыстыка любіць біць па галаве насельніцтва з савецкім размахам: доўгімі лікамі, штогод усё большымі. Бо яшчэ камуністы навучылі, што паказнікі не павінны зніжацца.

Грашовыя прыбыткі насельніцтва 2016–2018 і студзень – травень 2019

Апошні слупок меншы, бо дакладныя лічбы маем за пяць месяцаў, але прагноз на год станоўчы – на 5–7% прыбыткі будуць большыя за леташнія. Гэткі імклівы рост прыбыткаў не роўны росту дабрабыту, бо і выдаткі павялічваюцца.

Зрэшты, кожны зарабляе як умее. Жыццё прымушае рабіць тое, што найболей прыбытку дае ў пэўных умовах. І ў працэсе прымушэння раскрываюцца дзіўныя тэндэнцыі.

Доля аплаты працы ў грашовых прыбытках насельніцтва

Відавочна, што асноўная маса людзей працуе па найме: на дзяржаву або на якога гаспадара. Атрымліваюць за тое аплату, што збольшага задавальняе абодва бакі. І доля гэтай аплаты, 2/3 ад усіх прыбыткаў, расце (няхай сабе і паціху), а не скарачаецца.

А што ж у нас – не капіталізм ужо? Не, у нас дзяржаўны капіталізм, прычым выразна паліцэйска-бюракратычны.

Таму ўсе, хто працуе на захаванне сістэмы, атрымліваюць някепскія па тутэйшых мерках заробкі, пенсіі, сацыяльныя прывілеі. А хто працуе сам на сябе – як атрымаецца…

Доля прыбытку ад прадпрымальніцкай дзейнасці і рэнты

Каб надта, дык не надта. Бо няцяжка заўважыць, што доля прыбыткаў прадпрымальнікаў і ранцье ў агульнай масе з кожным годам скарачаецца.

Пры тым рост долі заробкаў наёмных работнікаў, як няцяжка заўважыць, больш запаволены, чым скарачэнне прыбыткаў тутэйшых капіталістаў. Гэта прымушае здольную моладзь рабіць выбар не надта карысны для будучыні дзяржавы.

Але акрамя тых, хто нажыў капітал, стварае яго або робіць па найме, прыбыткі павінны мець і тыя, хто рабіць нічога яшчэ не можа або ўжо не можа.

Доля трансфертаў у грашовых прыбытках насельніцтва

Стварэнне грашовых фондаў для падтрымання гэтых людзей названае прыгожым словам «трансферт», хоць больш нагадвае перакладанне з кішэні ў кішэню. І адвольнай раздачы сабраных грошай на жаданне кіраўніцтва Беларусі фонды не адмяняюць. Таму пенсіянеры, стыпендыяты і розныя іншыя бедакі перад выбарамі атрымаюць дабаўку.

Карацей, хто 25 гадоў таму зразумеў, што за Лукашэнкавым парадкам выгадней служыць і выслужыць добрую пенсію, а часам і яшчэ нешта – не прагадаў.

Цяпер жа лепей навучыцца нешта самому рабіць. Бо ніхто не ведае, што далей будзе.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Колькі можна пазычыць да заробку ў ламбардзе
  • Дзецям не хапае дзяржаўных садкоў, а прыватны каштуе 500 еўра
  • Дарагія школьнікі: 400 долараў на падрыхтоўку да бясплатнай адукацыі

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў FacebookдыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu