Размова дня «Ці згодныя вы, каб у дзіцячы садок з вашым малым хадзіла дзіця з ВІЧ?»


Нягледзячы на поспехі ў галіне прафілактыкі, выяўлення і лекавання ВІЧ/СНІД – хворых усё больш. Нечаканыя звесткі: Беларусь на 3-м месцы ў Еўропе ў тэмпах распаўсюджвання хваробы. У групе рызыкі сёння не толькі людзі, якія ўжываюць наркотыкі або вядуць асацыяльны лад жыцця. Партрэт тыповага ВІЧ-носьбіта – студэнтка педагагічнага ўніверсітэту.

Стаўленне грамадства да ВІЧ/СНІД можна пабачыць, калі задаць пытанне: «Ці згодныя вы, каб у дзіцячы садок з вашым малым хадзіла дзіця з ВІЧ?» – нават вельмі талерантныя людзі задумваюцца і не спяшаюцца з адказам, апавядае старшыня грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» Ірына Статкевіч.

Сёння няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца барацьбой з распаўсюдам ВІЧ/СНІД, стаяць на парозе новага выкліку. Місія Глабальнага фонду для барацьбы са СНІД, туберкулёзам і малярыяй, за чые грошы шмат у чым ішла барацьба з хваробай, у Беларусі рыхтуецца да завяршэння працы. Што з гэтым рабіць, будуць абмяркоўваць на Трэцім Міжнародным форуме ў пытаннях ВІЧ-інфекцыі 4 і 5 снежня.

«Часцяком згадваюць негатыўны досвед балканскіх краінаў. Калі Глабальны фонд сышоў, прыпыніў фінансаванне – і праграмы проста закрыліся. Людзям з ключавых групаў не было куды ісці. Або Расейская Федэрацыя, дзе амаль што не вядзецца працы сярод ключавых групаў. Там няма праграмы абмену іглаў, шпрыцаў, там няма замяшчальнай метадонавай тэрапіі. І мы бачым, што там складаная сітуацыя. Таму цяпер усе будуць абмяркоўваць, што рабіць пасля сыходу Глабальнага фонду», – кажа Ірына Статкевіч.

Беларуская дзяржава гатовая ўзяць на сябе клопат аб прафілактыцы і лячэнні ВІЧ/СНІД. Але якім чынам? Сёння на дзяржаўным узроўні існуе шмат карысных ініцыятываў, і пры гэтым здараюцца цемрашальскія выпадкі. Напрыклад, шмат пытанняў узнікае ў сувязі з крымінальным артыкулам, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюд ВІЧ/СНІД.

Чаму за краты трапляюць паважаныя бацькі сем’яў – глядзіце ў поўным выданні праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай і госцяй студыі, старшынёй грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» Ірынай Статкевіч.

Фота – Сяргей Бабылёў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары