Ці выжыла б ВКЛ без палякаў?


Чаго Люблінская ўнія з Польшчай прынесла Вялікаму княству больш: плюсаў ці мінусаў? Высвятляем у новым выданні гістарычнага ток-шоу «Intermarium».

1569 год паклаў пачатак новай старонцы ў нашай гісторыі. На палітычнай мапе Еўропы з’явіўся новы гулец – Рэч Паспалітая. Унія, заключаная ў Любліне, больш чым на 200 гадоў аб’яднаў Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ў адну федэратыўную дзяржаву, якая ў ХVI ст. стала найбуйнейшай ва Усходняй Еўропе.

Пайсці на больш цесны саюз з Польшчай ВКЛ змусіла Лівонская, ці Інфлянцкая, вайна з Масковіяй. У 1562 г. рускія войскі стаялі ля сцен Віцебску, Воршы, Шклову. Быў захоплены Полацк, і спыняцца на гэтым расейскія войскі не збіраліся. Навісла пагроза над сталіцай дзяржавы – Вільняй. Стала відавочна, што аднаасобна спыніць агрэсію Маскоўскай дзяржавы, а тым больш вярнуць страчаныя землі Вялікае княства не можа.

Палітыкі з ВКЛ хацелі абмежавацца ваенна-палітычным саюзам раўнапраўных дзяржаў, злучаных адзіным манархам. Прадстаўнікі ж Польшчы выступалі за скасаванне незалежнасці Вялікага княства. Для канчатковага вырашэння пытання аб уніі быў прызначаны зʼезд у Любліне. На сойм прыбылі кароль, а таксама каля 160 паслоў і сенатараў Польшчы і ВКЛ. Працягваўся ён амаль паўгода. Кожны бок ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Частка паслоў Вялікага княства нават паспрабавалі сарваць перамовы, у ноч на 1 сакавіка пакінуўшы Люблін на знак пратэсту.

Паводле ўмоваў уніі, у Рэчы Паспалітай агульнымі былі кароль, сейм, сенат, вонкавая палітыка і фінансы. ВКЛ атрымлівала пэўную самастойнасць: свае дзяржаўныя пасады, бюджэт, канцылярыю, войска, асобную ад Польшчы судовую і прававую сістэмы, тэрытарыяльную адасобленасць, даўні адміністрацыйны апарат і сваю пячатку. Апрача таго, кожная дзяржава захоўвала ўласную назву, а да канца XVII ст. – і дзяржаўную мову: ВКЛ – старабеларускую, у Польшча – лацінскую.

Люблінская ўнія стала пэўным кампрамісам, у выніку якога ўтварылася больш моцная дзяржава. Перамогаю апошняй скончылася Інфлянцкая вайна. Аднак уратаваўшы сваю тэрыторыю ад Масковіі, ВКЛ з цягам часу ператварылася ў польскую правінцыю. Дык чаго Люблінская ўнія прынесла Вялікаму княству больш: плюсаў ці мінусаў?

Пра гэта ў новым выданні гістарычнага ток-шоу «Intermarium» дыскутуюць:

  • Наталля Старчанка – доктар гістарычных навук, Інстытут украінскай археаграфіі і крыніцазнаўства імя Міколы Грушэўскага (Кіеў, Украіна)
  • Канстанцін Ерусалімскі – доктар гістарычных навук, прафесар Расейскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэту (Масква, Расея)
  • Анджэй Рахуба – доктар габілітаваны, Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук (Варшава, Польшча)
  • Андрэй Янушкевіч – кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі XVI ст. (Менск, Беларусь)